Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чвэрць стагодзьдзя таму, 30 кастрычніка 1988 году, беларусы заявілі, што яны хочуць быць нацыяй.

«Як так здарылася, што беларусы выйшлі супраць савецкай улады? Спакойны, дысцыплінаваны народ» – запытаецца неўзабаве Гарбачоў у Крамлі ў Васіля Быкава, а на адказ, як прыгадвае Быкаў – недаўменна пацісьне плячыма.

Выглядае, у Маскве чакалі пратэсту ад літоўцаў, эстонцаў, грузінаў ці ад каго заўгодна – толькі не ад беларусаў.

У той дзень людзі ішлі да Ўсходніх могілак памянуць памерлых, але генэральны сакратар ЦК КПСС па сутнасьці меў рацыю: гэта быў выступ супраць сыстэмы, якая дзесяцігодзьдзямі ўтрымлівала нацыі ў жорсткай дысцыпліне камуністычнай казармы. Прыкметная дэталь: калі на Дзяды ў 1988-м людзі ішлі ўскласьці кветкі ў тым ліку і Машэраву – дык пасьля дубінак, якія абрынуліся на загад машэраўскіх вучняў, імя першага сакратара ЦК камуністычнай партыі, пры якім ў гарадах зьніклі апошнія беларускія школы, у наступныя гады больш ніколі на Дзяды не ўзгадаюць.

У «Доўгай дарозе дадому» Быкаў так апісвае падзеі 30 кастрычніка:

«Як тысячы іх падышлі ад станцыі мэтро да могілкаў, там ужо нарыхтаваліся шэрагі войска і міліцыі – з варанкамі, аўтобусамі і нават вадамётамі. Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газам з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў...».

Міліцыянты некалькімі шэрагамі сьціснулі людзей у кола, а тыя, каб лепей бачыць прамоўцаў, апусьціліся на калені. Пазьней некаторыя пабачаць у гэтым сымбаль і пачнуць кпіць, маўляў, «Пазьняк паставіў нацыю на калені». Сымбаль сапраўды існуе, але іншы: тое, што людзі на каленях слухалі словы пра ўтварэньне «Мартыралёгу», успрымаецца данінай павагі ахвярам камуністычнага тэрору.

І ёсьць сымбаль у тым, што найноўшая гісторыя Беларусі пачалася з Курапатаў, з аднаўленьня памяці пра тых, хто ляжыць у курапацкіх ямах.

Ахвяры Курапатаў (і іншых, ужо адкрытых і пакуль засакрэчаных месцаў у Беларусі), гэтыя сотні тысяч найлепшых прадстаўнікоў нацыі, яе інтэлектуальная эліта – іх, ня зробленай імі працы (ня зробленай з-за НКВДэшнай кулі ў патыліцу) не хапіла, каб у Незалежнасьць народ увайшоў канчаткова сфармаванай нацыяй, якая не дазволіць зьдзекавацца з мовы і гістарычных сымбаляў, якую немагчыма купіць абяцаньнямі «запусьціць заводы» ды мітамі пра «славянскае адзінства». Гэтых сотняў тысяч – а дакладней, іх дзяцей і ўнукаў (тут ужо можна лічыць на мільёны) – не хапіла ў 1994-ым, каб перамогу здабыцьця Незалежнасьці падмацаваць незваротным дэмакратычным выбарам.

Іх ужо ніхто не заменіць – але ня зробленую імі працу давядзецца выканаць. Прыйдзецца ўсьвядоміць сябе нацыяй. Бо штучна прыдуманая дзесяць-пятнаццаць гадоў таму тэорыя, што нібыта можна пабудаваць дзяржаўнасьць і без нацыянальных каштоўнасьцяў, бяз мовы (дакладней – з мовай іншай дзяржавы) – ня вытрымала прагматычнай праверкі банальнымі эканамічнымі рэаліямі. Адсутнасьць нацыянальнай сьвядомасьці ўжо цяпер каштуе страты бюджэтаўтворных галінаў эканомікі, а ў пэрспэктыве пагражае стратай дзяржавы.

... 30 кастрычніка 1988 года людзі рушылі да тых, хто застаўся у Курапатах, ішлі, як сказаў паэт, «натоўпам». А выйшлі – «амаль народам». Каб быць народам без «амаль» – давядзецца прайсьці шляхам, які для тысяч быў абарваны ў курапацкім лесе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG