Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка: Для начальства калёніі, безумоўна, гэта моцны ўдар


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка згадаў словы Аляксандра Какуніна, які, паводле яго, аднойчы заявіў, што лягчэй сьпісаць сьмерць вязьня, чым службовага сабакі.

Сталі вядомыя прозьвішчы 13 асобаў, якіх Рада Эўразьвязу выключыла са сьпісу неўязных, і двух чалавек, якія трапілі ў гэтыя сьпісы.

У сьпісе 13 асобаў, якім вярнулі права езьдзіць у Эўропу, аказаліся 3 групы па 4 чалавекі плюс адзін дзяржаўны чыноўнік — былы міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч. У адной з групаў — былыя і дзейныя судзьдзі, у тым ліку былы першы намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Яўген Сьмірноў. Другую групу складаюць таксама дзейныя і былыя пракуроры, у тым ліку цяперашні вайсковы пракурор Аляксандар Драніца. І яшчэ чатыры асобы прадстаўляюць былых старшыняў абласных выбарчых камісіяў. Што яны кажуць пра сваё «вызваленьне» з «чорнага сьпісу»?

Карэспандэнту «Свабоды» ўдалося дазваніцца да былой судзьдзі, цяпер адваката Вольгі Комар, якая ў 2011 годзе адправіла за краты на 4 гады за ўдзел у мітынгу на плошчы актывіста Васіля Парфянкова. «Так, я задаволеная, але нічога камэнтаваць ня буду», — сказала Вольга Комар. У новай працы адваката, як сказала Вольга Комар, знаходжаньне ў сьпісе ёй аніяк не перашкаджала.

У Беларускай вайсковай пракуратуры сказалі, што вайсковы пракурор Аляксандар Драніца ў камандзіроўцы да панядзелка і злучыцца зь ім немагчыма. «Мы і самі ня ведаем, зь якой прычыны ён трапіў у гэты сьпіс і чаму цяпер адтуль выкрасьлены», — сказаў супрацоўнік пракуратуры на ўмовах ананімнасьці.

Пра Ўладзімера Міхасёва, былога старшыню Гомельскай абласной выбарчай камісіі, мясцовыя журналісты паведамілі: як толькі ён стаў дэпутатам, дык зьехаў у Менск, і з таго часу ў Гомелі яго ня бачылі.

Такім чынам, у сьпісе неўязных зараз 232 чалавекі, у тым ліку тыя, хто дадаўся цяпер. Гэта начальнік бабруйскай калёніі № 2 Аляксандар Какунін і ягоны намесьнік Юры Трутко. У бабруйскай калёніі адбывае пакараньне палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Як навіна з Эўропы адаб’ецца на лёсе палітвязьня?

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук адмовілася камэнтаваць зьвесткі пра санкцыі супроць кіраўнікоў калёніі, дзе трымаюць яе мужа. «Зразумейце мяне», — папрасіла Натальля Пінчук.

Зь невядомых прычын цягам дня маўчалі тры тэлефоны калёніі, пазначаныя на мапе беларускіх турмаў, якую склалі ў праваабарончай установе «Плятформа»:

«Не паверу, што там не падымаюць слухаўку зь іншых прычын, як ня дзеля таго, каб не адказваць на непрыемныя пытаньні адносна „чорнага сьпісу“, — пракамэнтаваў былы вязень бабруйскай калёніі, кіраўнік „Плятформы“ Андрэй Бандарэнка. — Яны, безумоўна, ужо ведаюць, што ўнесеныя ў сьпісы неўязных, для іх, безумоўна, гэта моцны ўдар. Ведаю, што раніцай яны праглядаюць інтэрнэт. Мне, прыкладам, паведамлялі, калі пра мяне нешта пісалі. Ці наадварот, калі не пісалі. Тады яны да мяне прыходзілі і казалі, што пра мяне ўсе забылі і давай прызнавай сваю віну, і ўсё будзе добра».

Андрэй Бандарэнка выказаў задавальненьне, што ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз унесьлі кіраўнікоў бабруйскай калёніі Аляксандра Какуніна і Юрыя Трутко, і паведаміў, што гэтага «Плятформа» дамагалася цягам некалькіх гадоў, яшчэ да зьмяшчэньня ў калёнію Алеся Бяляцкага. Абыходжаньне з палітвязьнямі, якія пабывалі ў гэтай калёніі, Андрэй Бандарэнка параўнаў з катаваньнем і дадаў, што да звычайных вязьняў там ставяцца часам і горш:
Пра правы чалавека там увогуле няма гаворкі. Таму гэтыя два чалавекі — тыя, каго даўно варта было ўнесьці ў такі сьпіс

«На маім асабістым прыкладзе магу сказаць, а потым гэта ж тычылася і Андрэя Саньнікава, іншых вязьняў Плошчы, а цяпер — Алеся Бяляцкага, што да нас ужывалі катаваньні і жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне. Гэта што да палітычных зьняволеных. Але і пра простых вязьняў магу сказаць, што да іх ужывалі яшчэ больш жорсткае абыходжаньне. Пра правы чалавека там увогуле няма гаворкі. Таму гэтыя два чалавекі — тыя, каго даўно варта было ўнесьці ў такі сьпіс».

Андрэй Бандарэнка згадаў словы Аляксандра Какуніна, які, паводле яго, аднойчы заявіў, што лягчэй сьпісаць сьмерць вязьня, чым службовага сабакі. Пра Юрыя Трутко былы палітвязень сказаў, што той імкнецца ўсё рабіць рукамі іншых супрацоўнікаў.

Ці мае значэньне тое, што пэўны турэмшчык трапіў у сьпіс неўязных у Эўразьвяз?

Паводле Андрэя Бандарэнкі, знаходжаньне ў сьпісе няўязных насамрэч хваравіта ўспрымаецца супрацоўнікамі пэнітэнцыярнай сыстэмы, бо для людзей, зь якімі яны кантактуюць, гэта своеасаблівая «чорная метка», ацэнка пэўнага стаўленьня да чалавечых каштоўнасьцяў. А ці можа гэта нэгатыўна адбіцца на ўмовах, у якіх трымаюць Алеся Бяляцкага, і на абыходжаньні зь ім? Андрэй Бандарэнка не выключае пэўных наступстваў, але кажа і пра ролю салідарнасьці з палітвязьнем:

«Магчымы ўсплёск нейкіх эмоцыяў, каб адпомсьціць Алесю, на ім спагнаць свае крыўды. Але ўсё ж ня думаю, што зараз, калі яны будуць пад павелічальным шклом журналістаў і праваабаронцаў, яны пойдуць на нейкія незаконныя дзеяньні супроць яго».

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч згадаў, як пасьля ягонага знаходжаньня ў Горацкай калёніі начальнік гэтай установы таксама трапіў у сьпіс неўязных. Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што такія захады адносна турэмшчыкаў даюць плён:

«Ён вельмі вядомая асоба, і бароняць яго вельмі актыўна. Алеся добра падтрымліваюць сябры, аднадумцы, палітыкі. Са свайго ўласнага досьведу скажу, што калі ёсьць такая падтрымка з волі, то нават у самых неадэкватных вязьніцах пабойваюцца „перагінаць палку“. Мяркую, горш ня будзе».
XS
SM
MD
LG