Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяды-1988. Пачатак найноўшай гісторыі Беларусі


25 гадоў таму, 30 кастрычніка 1988 году, тысячы людзей у Менску выйшлі ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Агаломшаная масавасьцю акцыі ўлада вывела на вуліцы вадамёты, супраць удзельнікаў прымянілі сьлезацечны газ, людзей выхоплівалі з натоўпу і кідалі ў міліцэйскія ўазікі.

Непасрэднымі арганізатарамі акцыі сталі моладзевыя згуртаваньні «Талака» і «Тутэйшыя». Тыя, хто быў у тыя гадзіны на вуліцах Менску, ішоў разам з усімі да Курапатаў, называюць гэты дзень — днём адраджэньня беларускай нацыі, пачаткам найноўшай гісторыі Беларусі.

Уладзімер Арлоў выступіў на легендарным мітынгу перад Зянонам Пазьняком. Цяпер, праз 25 гадоў, ён кажа, што гэта былі «ўсенародныя Дзяды».

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў: «Ва ўсе часы гістарычная памяць была магутнай і аб’яднаўчай сілаю, якая дапамагала народу выжыць у самых неспрыяльных умовах. Гэтую ісьціну выдатна разумее любая ўлада. Адна ўлада ставіць гістарычную памяць на службу нацыі. Другая баіцца гістарычнай сьвядомасьці сваіх грамадзян. Бо гэтую ўладу цікавіць не аб’яднаньне грамадзтва, а яго разьяднаньне. Яе дэвіз — падзяляй і ўладар.

Дзяды 1988 году — знакавая падзея нашай гісторыі. Сход у Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка і Дзяды, якія сталіся, па сутнасьці, працягам гэтага сходу — гэта адпраўныя пункты нашай найноўшай гісторыі.

У рэжыму сваё бачаньне нашага мінулага. Рэжым імкнецца стварыць Лінію Сталіна ня толькі на мясцовасьці, але і ў сьвядомасьці беларусаў. Таму, на маю думку, калі б такія магутныя, можна нават сказаць — усенародныя Дзяды зноў адбыліся сёньня, улада расправілася б зь іх удзельнікамі ня менш, а напэўна, больш жорстка, чым 25 гадоў таму».

Вінцук Вячорка як актывіст «Талакі» заўжды падкрэсьлівае, што заслуга арганізацыі першых Дзядоў 1987-га і самых славутых Дзядоў 1988-га гадоў належыць Алесю Бяляцкаму:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка: «Першыя Дзяды, якія адбыліся як ушанаваньне памяці ахвяраў сталінскага рэжыму, адбыліся 1 лістапада 1987 году. Іх ладзілі „Тутэйшыя“ пры ўдзеле „Талакі“. І асноўнымі арганізатарамі былі Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс. Якраз тады былі агучаныя імёны беларускіх інтэлектуалаў, найперш літаратараў, якія ў 30-я гады былі зьнішчаныя камуністычным рэжымам. І Дзяды 1988 году, якія адбываліся ўжо пасьля абвешчаньня БНФ, таксама ініцыявалі „Тутэйшыя“ і „Талака“. А галоўным арганізатарам быў ізноў жа Алесь Бяляцкі.

Яны адбываліся ўжо ў новай інфармацыйнай атмасфэры — пасьля публікацыі тэксту Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва „Курапаты — дарога сьмерці“. І такім чынам, натуральна, асноўным акцэнтам гэтых Дзядоў было ўшанаваньне памяці і адкрыцьцё праўды для масаў людзей пра неверагодна маштабныя камуністычныя рэпрэсіі.

Алесь Бяляцкі каардынаваў асноўную падрыхтоўку. Мы друкавалі на машынцы аб’явы, якія расклейвалі на слупах. Нейкая інфармацыя пратачылася ў газэты, якія паступова дазвалялі сабе кавалак свабоды.

У дзень акцыі ўлады, вельмі перапалоханыя, спынілі рух двух апошніх станцыяў мэтро. Людзі мусілі гэтыя дзьве станцыі ісьці пехатой. Быў хапун на скрыжаваньні вуліцы Каліноўскага і праспэкту тады яшчэ Леніна. Алесь Бяляцкі быў ці не адзіным чалавекам, які быў пасьля гэтай акцыі юрыдычна перасьледаваны.

Нягледзячы на рэальную пагрозу свабодзе, здароўю і жыцьцю людзей, якая праяўлялася ў тым, што мы былі акружаныя людзьмі ў форме, мы бачылі, што была прыцягнутая спэцтэхніка, вадамёты, труцілі нас сьлезацечным газам. Але дзясяткі тысяч людзей, якія там сабраліся, былі гатовыя стаяць за праўду і за свабоду. Гэта дзень адраджэньня беларускага народу і беларускай нацыі».

Выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі адзначае, што цяпер, паўдзельнічаўшы ў вялікай колькасьці акцыяў, як найвышэй ацэньвае ролю Зянона Пазьняка, які тады ўзначаліў шэсьце.

Юры Беленькі

Юры Беленькі

«Калі Пазьняк убачыў, што робяцца сьведамыя правакацыі, ён вывеў людзей з-пад удару, павёў да Курапатаў. І ўжо калі да Курапатаў не дайшлі і зладзілі мітынг у полі, то ён зьвярнуўся да міліцыянтаў, якія нас абкружылі, і сказаў: „Вы ж сыны зямлі беларускай“. І гэтыя людзі, якія былі вельмі напружаныя, як бы абмяклі. Ён зьняў гэтую напружанасьць. І ўчыняць на роўным месцы нейкія брутальныя дзеяньні псыхалягічна было немагчыма.

Зянон Пазьняк ідэальна дзейнічаў у той сытуацыі. Гэта выбіла ўсе козыры з рук уладаў. Мы пасьля даведаліся, што яны плянавалі ўчыніць тут „Тбілісі“, пасячы рыдлёўкамі і выцесьніць людзей у іншым кірунку. Гэта ўсё сарвала пляны і паказала, хто ёсьць нашыя ўлады і хто ёсьць наш беларускі народ».

З тых часоў шэсьце на Дзяды адбываецца штогод. Заяўку на сёлетнія Дзяды ўжо падалі ў Менскія гарадзкі і абласны выканкамы. Мяркуецца, што шэсьце адбудзецца 3 лістапада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG