Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што аб’ядноўвае Пуціна, Лукашэнку і Януковіча?


Віктар Януковіч, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у кампаніі прэзыдэнтаў Казахстану і Кіргізстану Нурсултана Назарбаева і Алмазбека Атанбаева ў траўні сёлета ў Астане.

Віктар Януковіч, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у кампаніі прэзыдэнтаў Казахстану і Кіргізстану Нурсултана Назарбаева і Алмазбека Атанбаева ў траўні сёлета ў Астане.

З артыкулам пад такой назвай ў сёньняшнім нумары газэты Moscow Times выступіў вядомы аналітык Дэйвід Марплз. Падаем скарочаны пераклад публікацыі.

У мінулую пятніцу экс-уладальнік кампаніі ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі адзначыў 10 гадоў свайго знаходжаньня ў турме. У былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Мікалая Статкевіча неўзабаве пачнецца чацьвёрты год яго знаходжаньня за кратамі. А ва Ўкраіне экс-прэм’ерка Юлія Цімашэнка хутка адзначыць два гады са свайго сямігадовага зьняволеньня за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў» і «крадзеж», калі яе ня выпусьцяць пад націскам Эўрапейскага Зьвязу.

Усе трое ў сьвеце лічацца палітвязьнямі, але недастаткова дасюль было напісана аб матывах тых, хто гэтых вязьняў у турму паслаў: гэта прэзыдэнты Ўладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Віктар Януковіч.

Яны маюць шмат агульнага. Усе тры зьяўляюцца прадуктам савецкай эпохі. Яны аднаго ўзросту: Януковічу 63 гады, Пуціну — 61, Лукашэнку — 59. Уся тройка мае супярэчлівае мінулае. Януковіч меў судзімасьць, цяпер зьнятую, Пуцін адзначыўся жорсткімі рэпрэсіямі ў Чачэніі, а Лукашэнка фактычна ўзурпаваў уладу, зьмяніўшы Канстытуцыю 1994 году і пашырыўшы паўнамоцтвы КДБ, каб перасьледаваць і караць супернікаў.

Больш за тое. Усе трое маюць мэнталітэт гангстэраў. Ва ўсіх трох папулісцкая мова. З тройкі Пуцін выказваецца найбольш арыткулявана, хаця і Лукашэнка камфортна пачуваецца перад любой аўдыторыяй незалежна ад таго, былі для яго загадзя падрыхтаваныя пытаньні ці ён гаворыць чыстым экспромтам. Усе трое маюць схільнасьць да зьнішчэньня супернікаў як патэнцыйнай пагрозы.

Папросту кажучы, ворагі павінны быць зьнішчаны.

У выпадку Пуціна, абвінавачаньні супраць Хадаркоўскага не зьяўляюцца цалкам ілжывымі. Няма сумневу, што ён выкарыстоўваў крэдыты ў абмен на акцыі ў часы слабой Расейскай дзяржавы 90-х гадоў. Новыя алігархі тады паўставалі ў выніку пакупкі імі нафтавых кампаній па заніжаных коштах...

Лукашэнкаўскія арышты палітвязьняў добра вядомыя. Апошняя іх партыя была пасаджаная пасьля сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, калі сямёра кандыдатаў у прэзыдэнты апынуліся ў турме (пазьней два зь іх былі выпушчаныя пасьля публічнага асуджэньня сваіх калегаў), іх зьмясьцілі ў камэры-клеткі КДБ і падвяргалі розным катаваньням, у тым ліку трымалі голымі на марозе, зьбівалі і пазбаўлялі кантактаў з роднымі і адвакатамі. Гэтым вязьняў прымушалі прасіць памілаваньня праз прызнаньне сваёй віны. Некаторыя пасьля так і зрабілі, двое пазьней уцяклі за мяжу і атрымалі палітычны прытулак у Чэхіі і Вялікабрытаніі. Статкевіч адмовіўся прасіць аб памілаваньні і застаецца за кратамі.

Справа Цімашэнкі таксама шырока вядомая пасьля яе затрыманьня ў 2011 годзе. Яе таксама абвінавачваюць у арганізацыі забойства ў 1990-я гады, калі яна была намесьнікам міністра энэргетыкі і блізкай паплечніцай былога прэм’ера Паўла Лазарэнкі... Эўразьвяз дамагаецца вызваленьня Цімашэнкі напярэдадні лістападаўскага саміту ў Вільні, дзе плянуецца падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ.

Але Януковіч адмовіўся вызваліць Цімашэнку, якая магла б стаць яго суперніцай на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Ён сур’ёзна рызыкуе, бо няўдача ў Вільні паставіць Украіну перад альтэрнатыўным далучэньнем да кіраванага Расеяй Мытнага зьвязу з Казахстанам і Беларусьсю. Для Януковіча такое разьвіцьцё сытуацыі можа стаць канцом яго палітычнай кар’еры.

Кожны з гэтых трох кіраўнікоў можа атрымаць шмат, памілаваўшы апанэнтаў. Паводле апытаньняў, большасьць расейцаў віталі б вызваленьне Хадаркоўскага...

Статкевіч ніколі ня быў буйной палітычнай пагрозай для Лукашэнкі, але ён зазнаў вялікія катаваньні ў турме. Два месяцы яго трымалі ў карцэры разам з хворым на сухоты, што лічыцца звычайнай практыкай у выпадку палітвязьняў. У студзені 2012 году Статкевіч быў пераведзены з калёніі ў Шклове ў больш жорсткую турму ў Магілёве. Прэзыдэнт ня выпусьціць яго, пакуль Статкевіч не папросіць аб памілаваньні.

Цімашэнка пакутуе на хваробу пазваночніка. У адрозьненьне ад яе таварышаў па няшчасьці, яна здолела здабыць шырокі міжнародны розгалас для сваёй сытуацыі. Цяпер сьвет дамагаецца яе пераводу на лячэньне ў Нямеччыну...

У кожным выпадку вызваленьне зьняволеных успрымаецца як вялікая саступка. З пункту гледжаньня трох прэзыдэнтаў, эўрапейцы ім тут замінаюць. Лукашэнка нават абвінаваціў іх у шпіянажы. Любая прыкмета слабасьці аўтарытарнай дзяржавы памяншае шанцы гэтых лідэраў на тэхналягічныя перамогі на наступных выбарах. Усе трое ня бачаць дэмакратычнай апазыцыі, але бачаць ворагаў, якіх падтрымліваюць варожыя сілы з-за мяжы, гатовыя іх фінансаваць.

З трох лідэраў Януковіч зьяўляецца адносным нэафітам — ён займае сваю пасаду ўсяго тры гады, у параўнаньні з 13 гадамі Пуціна і 19 гадамі Лукашэнкі, які наогул зьяўляецца нязьменным адзіным прэзыдэнтам Беларусі з моманту здабыцьця незалежнасьці...

Праз 22 гады пасьля распаду Савецкага Саюзу мысьленьне лідэраў трох славянскіх дзяржаваў застаецца вельмі падобным. Яны прымуць усё, што ім дадуць, без саступак у адказ і будуць разглядаць любую форму супрацоўніцтва зь імі заходніх палітыкаў як слабасьць тых палітыкаў...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG