Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спартовыя будоўлі: зганяюць і дарослых, і дзяцей


На «рэвалюцыйнае» 7 лістапада заплянаванае ўрачыстае адкрыцьцё адразу двух буйных спартовых аб’ектаў — футбольнага стадыёну на 13 тысяч месцаў для каманды БАТЭ ў Барысаве і першай лініі 10-тысячнай хакейнай «Чыжоўка-Арэны» ў Менску. Тэрміны здачы абедзьвюх пляцовак ня раз адкладаліся. За тыдзень да прызначанага часу на будоўлі зганяюць «добраахвотнікаў» зь дзяржаўных прадпрыемстваў.

Як расказалі ў адміністрацыі стадыёну БАТЭ, да фінішу будаўнічыя брыгады павінны прыйсьці да канца наступнага тыдня. Згодна з працоўным графікам Аляксандра Лукашэнкі, 7 ці 8 лістапада ў яго заплянаваная паездка на аб’яднаньне «Барысаўдрэў», і, хутчэй за ўсё, прэзыдэнт захоча збочыць з трасы, каб асабіста разрэзаць чырвоную стужачку. Тым больш, тры гады таму ён браў удзел у закладцы капсулы патомкам у падмурак стадыёну.

Разглядаецца таксама магчымасьць пераносу на гэты дзень матчу перадапошняга туру нацыянальнага першынства паміж БАТЭ і салігорскім «Шахцёрам». Аднак канчатковай упэўненасьці ў такім сцэнары няма — кіраўніцтва наракае на шматлікія недапрацоўкі.

Ва ўмовах чарговага будаўнічага аўралу на стадыён у загадным парадку зганяюць работнікаў дзяржаўнай сфэры. Адна з удзельніц пазачарговага суботніка — прадстаўніца адукацыйнай галіны — апавяла, што перадусім людзей кінулі разграбаць будаўнічы друз, парадкаваць памяшканьні, мыць падлогу і вокны:

«Зразумела, ганяюць. Прыкладам, у суботу там былі мы, былі студэнты, быў дэпутацкі корпус — нашы дэпутаты барысаўскія. Сам стадыён амаль дабудаваны, засталося толькі папрыбіраць навокал. Таму ў асноўным займаліся парадкаваньнем прылеглай тэрыторыі — не на самім стадыёне, а перад трыбунамі, перад выхадамі. Выносілі лішкі пліткі, падмяталі. Увогуле, там усё выглядае нармальна, і, мяркуючы па ўсім, да канца наступнага тыдня ўсё будзе дароблена».

Суразмоўніца пацьвярджае: 7 ці ў скрайнім выпадку 8 лістапада Барысаў мае наведаць Аляксандар Лукашэнка. Пэдагагічным калектывам давялі пляны на запаўненьне трыбунаў школьнікамі:

«Начальства папярэдзіла: хутчэй за ўсё, 8 лістапада прыедзе прэзыдэнт — асабіста адкрываць барысаўскую арэну з далейшым наведваньнем „Барысаўдрэва“. Адпаведна, перад намі акрэсьленыя задачы: забясьпечыць навучэнцаў на цырымонію адкрыцьця. Якраз сёньня такая мэта і была пастаўленая. Ну што ж, будзем забясьпечваць».

Анатоль Капскі

Анатоль Капскі

Плянавалася, што першы ў краіне стадыён, адпаведны патрабаваньням UEFA, для шматразовага чэмпіёна краіны, першага беларускага прадстаўніка ў фінальнай стадыі Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы будзе здадзены на наступны год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Што было б акурат да месца — барысаўцы напраўду дэманстравалі футбол эўрапейскага ўзроўню. Нягледзячы на тое, што старшыня праўленьня БАТЭ Анатоль Капскі актыўна ўключыўся ў выбарчую кампанію, увайшоўшы ў лік 30 давераных асобаў Лукашэнкі, сродкі на будоўлю зьеў фінансавы крызіс, і падзею давялося адтэрмінаваць на два гады. За гэты час, зрэшты, узровень БАТЭ прынамсі ня вырас — каманда выбыла з лігачэмпіёнскага розыгрышу ўжо на першым этапе, а з калектывам разьвітаўся галоўны трэнэр Віктар Ганчарэнка.

Аналягічнай карцінай недаробленасьці сустракае мінакоў хакейная арэна ў менскай Чыжоўцы, дзе пасьля чэмпіянату сьвету-2014 плянуе атабарыцца сталічная каманда «Юнацтва». За зрыў плянаў на ўвод хакейнага навабуду ад Аляксандра Лукашэнкі напоўніцу атрымаў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька — чыноўніка зьвінавацілі, што ён наўмысна ўводзіў у зман кіраўніка краіны наконт рэальнай ступені гатовасьці аб’екта.

Як будуюць Чыжоўка-Арэну, 14 кастрычніка 2013



Выявілася, што з чатырох ліній да 7 лістапада будзе гатовая толькі адна — трэніровачная пляцоўка без трыбунаў. Агулам комплекс здадуць у сярэдзіне сьнежня — калі ня здарыцца чарговага форс-мажору. Дзеля гэтага сюды штодня завозяць усё новых валянтэраў. Прычым калі спачатку мабілізоўваліся пераважна студэнты і актыў БРСМ, то цяпер чарга дайшла да «эліты» — у выходныя па тэрыторыі з насілкамі сноўдалі работнікі пракуратуры.

Прэтэнзіі наконт зацягваньня тэрмінаў здачы другой па значнасьці хакейнай арэны выказалі і экспэрты Міжнароднай фэдэрацыі хакею, якія інспэктавалі беларускую сталіцу ўлетку, а ў лістападзе зьбіраюцца сюды з паўторным візытам. Тым ня меней, старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Яўген Ворсін ніколькі не сумняецца ў пасьпяховасьці мерапрыемства:

«Чэмпіянат сьвету адбудзецца ў Беларусі, у Менску, у 2014 годзе ў траўні месяцы. Ніякіх сумневаў ужо быць ня можа. Апошнія чатыры гады мы дастаткова часта сустракаліся на ўсіх узроўнях, гаворачы пра тое, як рыхтуецца наша краіна. Дарэчы, гэта першы чэмпіянат пасьля некалькіх папярэдніх, калі спаборніцтвы праходзілі адразу ў дзьвюх краінах, і, як шмат хто адзначае, гэта ня самы быў удалы варыянт. Дык вось наша перавага якраз у тым, што ўсё сканцэнтравана ў адным месцы. Найважнейшая задача — камфортныя ўмовы для ўдзельнікаў чэмпіянату: месцы правядзеньня гульняў, умовы разьмяшчэньня, арганізацыя харчаваньня, транспартнае забесьпячэньне. Гэта тое, што ўплывае на ацэнку любога спартовага мерапрыемства, тым больш такога, як чэмпіянат сьвету. Гарантую, што ў нас усё будзе на найвышэйшым узроўні».

Пры гэтым міжнародная супольнасьць ня кідае намаганьняў, каб зладзіць байкот менскага чэмпіянату сьвету-2014. Праваабарончыя арганізацыі і дэмакратычныя палітыкі перакананыя: амаральна праводзіць спаборніцтвы такога маштабу ў краіне, дзе ёсьць палітзьняволеныя і парушаюцца правы чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG