Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у 1988-м на Дзяды беларусы зладзілі першае масавае шэсьце ў Курапаты

30 кастрычніка 1988 году, тысячы чалавек накiравалiся ад Маскоўскiх могiлак да ўрочышча Курапаты, дзе ў гады сталiнiзму супрацоўнiкi НКВД вынiшчылi тысячы нi ў чым невінаватых людзей. Народ упершыню адкрыта выказаў грамадзянскую пазыцыю, а ўлады БССР таксама ўпершыню жорстка разагналі мiрнае шэсьце.

У 1987 годзе ў Менску ўпершыню пачулі слова «Дзяды». Алесь Бяляцкі стаў ініцыятарам (падаў заяўку ў гарвыканкам) першай акцыі ў памяць сталінскіх ахвяраў, якая прайшла 30 кастрычніка 1987 году ў дзень памінаньня продкаў — Дзяды — каля помніка Янку Купалу ў Менску. На мітынг-рэквіем тады прыйшло каля сотні чалавек.

3 ліпеня 1988 года ў газэце «Літаратура і мастацтва» Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў апублікавалі артыкул «Курапаты — дарога сьмерці», які меў вялізны рэзананс у грамадзтве.

Летам пасьля гэтай публікацыі адбылося першае шэсьце ў Курапаты. А ў верасьні моладзевыя нефармальныя суполкі «Тутэйшыя» і «Талака» пачалі падрыхтоўку да новых Дзядоў, таксама антысталінскіх. Літаратурная суполка «Тутэйшыя» папрасіла ва ўладаў пляцоўку каля помніка Янку Купалу ў Менску. Улады ж прапанавалі пляцоўку каля Ўсходніх могілак. Арганізатары пагадзіліся.

Неўзабаве, аднак, улады адмовіліся ад свайго рашэньня і заявілі, што дазволу на акцыю ня будзе ў сувязі з 60-годзьдзем камсамолу. Сапраўдная ж прычына была ў тым, што незадоўга да Дзядоў былі ўтвораныя грамадзкае аб’яднаньне «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Стварэньне БНФ шакавала ўлады і выклікала ў іх жаданьне заціснуць гайкі.

30 кастрычніка да Ўсходніх могілак прыйшлі тысячы людзей. Міліцыя падрыхтавалася да разгону і яшчэ на падыходах хапала арганізатараў і актывістаў.

«Там упершыню ў новай гісторыі Беларусі адкрыта быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Як сказаў Зянон Пазьняк, на Дзяды ў тым годзе ішоў натоўп, а вяртаўся ўжо беларускі народ», — згадваў Алесь Бяляцкі.

XS
SM
MD
LG