Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муж загінулай шматдзетнай маці: «Мы справімся»


У Пружанах пахавалі 39-гадовую маці 11 дзяцей Кацярыну Онахаву, якая скончыла жыцьцё самагубствам. Муж нябожчыцы зьбіраецца выхоўваць дзяцей сам, а жыхары Пружанаў ня могуць зразумець учынку памерлай.

«Свабодзе» ўдалося зьвязацца з мужам нябожчыцы Аляксандрам праз сацыяльныя сеткі. На тэлефонную размову ён не пагадзіўся, але коратка патлумачыў, што выхоўваць 11 дзяцей плянуе сам.

«Мы справімся», — сказаў Аляксандар Онахаў.

Галоўны адмысловец па ахове дзяцінства аддзелу адукацыі, спорту і турызму Пружанскага райвыканкаму Тацяна Гаманчук распавяла Свабодзе, што дзеці, магчыма, застануцца на выхаваньні ў бацькі:

«Пытаньне гэтае яшчэ не вырашалася, будзем разглядаць дзесьці на днях. Вядома, будзем вырашаць усе разам з гэтай сям’ёй, іх сваякамі... Гэта ня значыць, што мы пазабіраем усіх гэтых дзяцей. Не».

Чыноўніца распавяла, што Кацярына Онахава пакінула ўражаньне вельмі жыцьцярадаснага чалавека, таму для яе трагедыя стала поўнай неспадзяванасьцю.

Для 20-тысячных Пружанаў сьмерць Кацярыны Онахавай — сапраўдны шок. Пра сям’ю Онахавых былі заўсёды толькі пазытыўныя водгукі і ў СМІ, і ад органаў апекі. Таму жыхары Пружанаў ня могуць зразумець учынку шматдзетнай маці-самагубцы:

«Мы сёньня вось толькі што абмяркоўвалі на працы. І хто яго ведае... Жанчына маладая... Можа, там у сям’і непрыемнасьці якія, усялякае ж можа быць. Можа, ня справілася са сваімі абавязкамі... 11 дзяцей — гэта таксама нагрузка вялікая. Як маці я нават ня ведаю, са сваімі двума іншы раз не ўпраўляесься, а тут адзінаццаць...»

«Па мне, дык гэта дзіўная сьмерць... Таму што кажуць, што яна зьбіралася ўсынаўляць дзяцей, якія ў яе былі ў апякунстве. Да іх у панядзелак павінна была прыйсьці нейкая камісія на гэты конт. Таму незразумела, што на гэта магло яе штурхнуць...»

27 кастрычніка Кацярыну Онахаву знайшлі павешанай. Жанчына пакінула 11 дзяцей, зь якіх двое біялягічных, а 9 — усыноўленых. У ноч перад сьмерцю Кацярына Онахава пакінула запіс у сваім блогу, дзе не выказвала ніякага намеру скончыць жыцьцё самагубствам.

Акалічнасьці сьмерці шматдзетнай маці высьвятляе Пружанскі сьледчы камітэт.

Разам з мужам Аляксандрам нябожчыца была выхавацелем дому сямейнага тыпу. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Пружанскім раёне ёсьць яшчэ адзін такі дом, дзе прыёмныя бацькі выхоўваюць 10 дзяцей. Акрамя таго, у раёне 14 прыёмных сямей.
XS
SM
MD
LG