Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы апраўдваюць сродкі


Агент 007 Дэніэл Крэйг

Агент 007 Дэніэл Крэйг

Кіраўнікі амэрыканскай выведкі рашуча выступілі ў абарону мэтадаў збору інфармацыі, якія практыкуюць іх службы.

Падчас слуханьняў у камітэце Палаты прадстаўнікоў дырэктар нацыянальнай выведкі Джэймс Клэпэр назваў «абсалютна памылковымі» паведамленьні аб тым, што Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША сабрала інфармацыю пра дзясяткі мільёнаў званкоў эўрапейцаў. Ён таксама абараняў назіраньне за замежнымі лідэрамі.

Кіраўнікі амэрыканскіх разьведвальных службаў скарысталіся сваім зьяўленьнем на Капіталійскім пагорку для таго, каб адказаць шматлікім крытыкам, колькасьць якіх павялічваецца з новымі «выкрыцьцямі» з дасье былога кантрактніка Агенцтва нацыянальнай бясьпекі Эдварда Сноўдэна.

Апошнія зьвесткі — пра тое, што амэрыканскія спэцслужбы нібыта праслухоўвалі лініі сувязі кіраўнікоў 35 дзяржаў і вялі маніторынг тэлефонных званкоў дзясяткаў мільёнаў французаў і гішпанцаў — выклікалі абурэньне нават Даян Файнстын, кіраўніка сэнацкага камітэту ў справах выведкі, якая ўвесь час абараняла пашыраныя паўнамоцтвы, дадзеныя амэрыканскай выведцы пасьля тэрактаў 11 верасьня. Яна заявіла, што неабходная поўная пераацэнка разьведвальных праграм. Паводле Файнстын, Белы Дом запэўніў яе ў тым, што праслухоўваньне кіраўнікоў саюзных дзяржаў будзе спынена . Неназваны прадстаўнік адміністрацыі неўзабаве дэзавуяваў гэтыя словы ўплывовага сэнатара, патлумачыўшы, што кіраўнік камітэту па выведцы не зусім дакладна выказалася. А ў аўторак дырэктар нацыянальнай выведкі Джэймс Клэпэр паспрабаваў па пунктах адказаць крытыкам, абвінаваціўшы іх у фальсыфікацыі інфармацыі і, па сутнасьці, у крывадушнасьці:

— Мы шпіёнім толькі ў мэтах збору неабходнай разьведвальнай інфармацыі аб замежных дзяржавах у рамках, акрэсьленых законам. Пры гэтым існуюць шматлікія сыстэмы кантролю, дзякуючы якім выключаюцца злоўжываньні нашымі паўнамоцтвамі, — настойвае Джэймс Клэпэр .

Інфармацыя пра тое, што АНБ зьбірае інфармацыю пра дзясяткі мільёнаў тэлефонных званкоў французаў і гішпанцаў, па яго словах, зусім памылковая . Прынамсі, частка гэтых дадзеных была сабраная спэцслужбамі Францыі і Гішпаніі і была перададзена амэрыканцам у рамках абмену інфармацыяй паміж выведкамі саюзьнікаў, якія вядуць сумесныя антытэрарыстычныя і іншыя апэрацыі па абароне грамадзян заходніх краін і іх войскаў, якія знаходзяцца ў зонах канфліктаў.

Што тычыцца назіраньня за замежнымі лідэрамі, то гэта рутынная задача любой разьведслужбы, уключаючы амэрыканскую, патлумачыў заканадаўцам кіраўнік амэрыканскай разьведкі :

— Адна зь першых рэчаў, якую я даведаўся ў разьведшколе ў 1963 годзе, гэта тое, што разуменьне намераў кіраўніцтва замежных дзяржаваў і формаў ажыцьцяўленьня гэтых намераў зьяўляецца галоўнай задачай выведкі. Для нас неацэннай зьяўляецца інфармацыя аб тым, якой можа быць палітыка гэтых краін, як яна адаб’ецца на самых розных аспэктах двухбаковых адносін.

Джэймс Клэпэр нават выказаў сарказм у дачыненьні да гучных крытыкаў амэрыканскіх спэцслужбаў, параўнаўшы іх паказное абурэньне з абурэньнем аднаго з герояў культавага фільма «Касаблянка» — начальніка паліцыі гораду, які выказвае карціннае зьдзіўленьне з нагоды існаваньня нелегальнага казыно, якое прыносіць яму стабільны хабар.

На пытаньне, ці ведаў Белы Дом аб падобнай дзейнасьці амэрыканскіх спэцслужбаў, уключаючы назіраньне за замежнымі лідэрамі, Клэпэр адказаў сьцьвярджальна, абмовіўшыся, што асяродзьдзе прэзыдэнта Абамы магло быць не інфармаванае аб некаторых дэталях апэрацый .

Паводле газэты The Washington Post, адміністрацыя Абамы была раззлаваная тым, што францускія ўлады адмовіліся адэкватна адрэагаваць на артыкул у Le Monde, дзе сьцьвярджалася, што амэрыканскія спэцслужбы зьбіралі і праслухоўвалі дзясяткі мільёнаў званкоў французаў.

Па словах ананімных амэрыканскіх прадстаўнікоў, францускія і гішпанскія спэцслужбы шмат гадоў абменьваюцца дадзенымі аб тэлефонных званках з амэрыканскімі партнэрамі. Прычым гэта статыстычная інфармацыя пра тэлефанаваньні, у рамках гэтай праграмы самі гутаркі не праслухоўваюцца . «З пункту погляду дыпляматыі, сытуацыя вельмі далікатная, — кажа суразмоўца The Washington Post, — паспрабуйце спытаць французаў, чаму яны не патлумачылі ўсё гэта, калі зьявіліся першыя паведамленьні аб праслухоўваньні».
Калі інфармацыя аб тым, што прэзыдэнт Абама ня быў дасьведчаны аб праслухоўваньні лідэраў краін-саюзьнікаў, дакладная, то можна зрабіць выснову, што нашы разьведслужбы ня знаходзяцца пад дастатковым кантролем.

Суразмоўца Радыё Свабода, амэрыканскі ваенны спэцыяліст Стывэн Бланк, як і многія яго калегі, лічыць, што гэтая гісторыя сур’ёзна разьдзьмутая:

— Вядома, што ўрады шпіёняць адзін за адным. Літаральна кожны ўрад робіць гэта ў сілу сваіх магчымасьцяў. Былы амбасадар ЗША ў ААН Мадлен Олбрайт сьцьвярджае, што французы шпіёнілі за ёй, калі яна была кіраўніком амэрыканскай місіі ў ААН. Што вылучае гэтую гісторыю — маштабы назіраньня, якое нібыта ажыцьцяўляецца амэрыканскай выведкай. Але цяпер і гэты факт выглядае спрэчным. Наогул, атрымаць аб’ектыўнае ўяўленьне пра тое, што ў сапраўднасьці адбываецца ў гэтай сфэры, фактычна немагчыма. Ва ўсіх бакоў ёсьць прычыны не казаць поўную праўду. Але калі інфармацыя аб тым, што прэзыдэнт Абама ня быў дасьведчаны аб праслухоўваньні лідэраў краін-саюзьнікаў, дакладная, то можна зрабіць выснову, што нашы разьведслужбы ня знаходзяцца пад дастатковым кантролем, — кажа Стывэн Бланк.

Менавіта такую выснову робяць і некалькі ўплывовых амэрыканскіх заканадаўцаў, якія прапанавалі ў аўторак плян, згодна зь якім, амэрыканскія спэцслужбы будуць пазбаўленыя права практычна неабмежаванага збору інфармацыі аб тэлефонных званках амэрыканцаў. Яны змогуць адсочваць званкі толькі, тых, хто падазраецца ў злачынных дзеяньнях.
XS
SM
MD
LG