Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні Казакоў і Бяляцкі пра ўмовы ў Бабруйскай турме


З кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

У сьпіс беларускіх грамадзян, якія трапілі пад санкцыі Эўразьвязу, унесеныя начальнік Бабруйскай папраўчай калёніі № 2 Аляксандар Какунін і ягоны намесьнік Юры Трутко. Менавіта ў гэтай калёніі адбывае пакараньне зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі.

З гэтай нагоды падаем расповяд былога палітвязьня Сяргея Казакова і цытаты зь лістоў Алеся Бяляцкага пра ўмовы ўтрыманьня вязьняў у Бабруйскай калёніі.


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Алеся Бяляцкага ў Бабруйскую у папраўчую калёнію № 2 накіравалі 28 лютага 2012 году.

Калёнія месьціцца на ўскраіне гораду. Раней там адбывалі пакараньне палітвязьні, засуджаныя за ўдзел у Плошчы 19 сьнежня 2010 году — Зьміцер Дрозд, Сяргей Казакоў і Андрэй Пратасеня, а таксама Андрэй Кім, пакараны за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у 2008 годзе.

Сяргей Казакоў, згадваючы свой побыт у Бабруйскай турме, распавёў, што іншыя зьняволеныя там ставіліся да палітычных у асноўным прыязна:

«Там ёсьць добрая падтрымка, ёсьць людзі, якія сядзелі разам з намі, вязьнямі Плошчы, ёсьць знаёмыя зь іншымі былымі палітвязьнямі Андрэем Бандарэнкам, Васілём Лявонавым, Андрэем Кімам... Там усе ў курсе, хто і за што сядзіць, і палітычных толькі падтрымліваюць. Ёсьць шмат такіх, якія засьпелі ўсіх палітычных вязьняў, што сядзелі ў Бабруйску».

Сяргей Казакоў

Сяргей Казакоў

Паводле Сяргея Казакова, адміністрацыя калёніі абыходзілася з палітычнымі стрымана:

«Хіба начальнік калёніі дазваляў сабе ціск. Іншыя вязьні за час адседкі бачаць гэтага начальніка адзін-два разы, а мяне выклікалі два разы на тыдзень, і ўсе гутаркі зь ім былі на падвышаных танах. Вядома, зьверху ад адміністрацыі ідзе ўказаньне прыціскаць нас, спыняць нейкія нашыя дзеяньні, але так яўна гэта ішло толькі ад яго».

«Мяне са Зьмітром Драздом прымушалі цягаць бярвёны, скалочваць з дошак паддоны і зьбіваць з аўтамабільных пакрышак гуму. Праўда, сэнсу апошняй працы я так і не зразумеў, але гэта прымушаюць рабіць усіх», — кажа Сяргей Казакоў.

Раней зьняволеных з Бабруйскай калёніі вазілі працаваць на мясцовы шынны камбінат, дзе для іх быў створаны адмысловы цэх. Цяпер камбінат адмовіўся ад паслуг зэкаў, і вязьні працуюць у калёніі: вырабляюць спэцвопратку, пагоны, шаўроны і розныя іншыя нашыўкі для сілавых структур. Але гэтым займаюцца ня ўсе, а толькі тыя, хто адбывае вялікія тэрміны, бо навучаньне займае шмат часу.

«Адназначна цяжка ў карантыне, два тыдні адразу пасьля прыбыцьця ў калёнію. А далей — як пашанцуе, гледзячы ў які атрад трапіш», — распавядае Сяргей Казакоў.

Пасьля трох тыдняў карантыну (адзін тыдзень дадала адміністрацыя) Алеся Бяляцкага накіравалі ў «швейны атрад» пад нумарам 14. У лісьце Алесь паведаміў, што шыць яго не прымушаюць, а даручылі ўпакоўваць гатовую прадукцыю.

На працу Алесь ходзіць штодня, акрамя нядзелі, то ў першую, то ў другую зьмену:

Чытаць кнігу Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага»
«У асноўным выварочваем і пакуем працоўныя рукавіцы, але часам і працоўныя робы, халаты, бэрэты і нават міліцэйскія пагоны. Праца фізычна няцяжкая, але „нятворчая“... Тут падобна да войска, толькі ў звальненьні не выпускаюць», — напісаў Алесь пра ўмовы ў калёніі. У вольны час ён чытае кнігі, незалежную і афіцыйную прэсу, якую яму выпісаў сябар Сяргей Сыс.

Усяго ў Бабруйскай калёніі сядзяць каля тысячы асуджаных. Яна была адкрытая ў 1964 годзе. На тэрыторыі ёсьць шыльда ў памяць гэтай падзеі. Апрача людзей, у калёніі «сядзяць» бабры, сымбаль гораду Бабруйску. Алесь налічыў тры фігуркі гэтых жывёл: адна ў карантыне ў турэмнай кепцы, другая — каля штабу (як напісаў Алесь — «мабыць, УДО (умоўна-датэрміновага вызваленьня) чакае», трэцяя ў прамысловай зоне сядзіць на газоне. Каля інтэрнату, дзе адбываюць пакараньне пэнсіянэры, растуць бярозы, пасаджаныя ў 1964-м, а яшчэ ёсьць добра дагледжаныя клюмбы з кветкамі і кустамі. У лісьце, які я атрымаў ад Алеся, ён піша:

«Калі ты хоць раз быў на тэрыторыі савецкай ці беларускай вайсковай часткі, пабудаванай у 70–80-я гады, то бачыў прыкладна тое, што зараз даводзіцца бачыць мне. Казармы тут па-цывільнаму называюць інтэрнатамі, над уваходам на наш паверх вісіць белая шыльдачка, на якой жоўтай фарбай напісана: «Общежитие отряда № 14».

Жывем мы ў сэкцыях — асобных пакоях, дзе стаяць двухпавярховыя ложкі, ёсьць стойка, на якой можна што-небудзь парэзаць (сала, хлеб), тумбачкі, шатня раскрытая, дзе нашая адзежа вісіць, паліца з кніжкамі. На вокнах ня краты, а фіранкі зь цюлю. А як выходзіш з сэкцыі — агульны калідор, у канцы — умывальнік і туалет. Тут жа пакой з лаўкамі і тэлевізарам. Закратаваныя толькі два вакны — кабінэт начальніка атраду і так званая «кашарка», дзе стаяць нашыя торбы-кешары (сумкі з прыватнымі рэчамі. — В.К.). Там жа стаіць лядоўня. Казарма нашая набліжаецца, я б сказаў, да працоўнага інтэрнату. У пакоях ня паляць.

А вось як выходзіш з пад’езду, то тут прастора паўз дом на ўсю ягоную даўжыню і шырынёй мэтраў восем абгароджаная жалезным плотам з форткаю. Гэта так званая «лакалка» — тэрыторыя атраду, дзе стаяць драўляныя лаўкі, ёсьць сушылка вопраткі пад дахам і турнік. Тут ты можаш пазаймацца фізкультураю, выпіць кавы на сьвежым паветры або пагуляць у даміно, нарды, шахматы ці «мандавошку». Я тут адціскаюся, падцягваюся і хаджу, у гульні не гуляю, не люблю.

І такіх будынкаў-казармаў шмат. А ёсьць яшчэ будынкі лазьні, сталоўкі, штабу, карантыну, клюбу, ёсьць яшчэ будынак, дзе КБО (камбінат бытавога абслугоўваньня. — В.К.) і бібліятэка. І ёсьць так званая «промка», прамысловая зона, куды мы ходзім працаваць. Там ужо ўсе ходзяць шыхтом, проста так, самавольна ад будынка да будынка не паходзіш. У сталоўку ходзім строем, а праверкі тройчы на дзень праходзяць у «лакалцы».

8 чэрвеня 2012 года Алесь напісаў ў лісьце з Бабруйскай калёніі:

«Учора я атрымаў трэцяе спагнаньне за год. Першае было яшчэ ў карантыне — за нестатутны абутак. Вынесьлі мне яго за дзень, як перавялі ў атрад, 21 сакавіка. Другое я атрымаў за дзень перад спатканьнем з жонкай, 16 траўня, за тое, што ў швачным цэху знаходзіўся без апазнавальнай шыльды-бэджа. А трэцяе за тое, што 2 чэрвеня заснуў у сэкцыі перад абедам. У выніку за апошняе парушэньне пазбаўлены доўгатэрміновага наступнага спатканьня, якое прадугледжанае Крымінальна-выканаўчым кодэксам.

Таксама з наступнага месяца я буду абмежаваны ў закупах у лаўцы — да 100 тысяч рублёў. А зараз было 500 тысяч. І, хутчэй за ўсё, хоць пра гэта рана яшчэ казаць, бо няма тэксту амністыі, але, хутчэй за ўсё, як „злоснага парушальніка“ амністыя мяне ня будзе датычыць.

Застаецца толькі дадаць, што мае „Абавязаньні“ выконваць Крымінальна-выканаўчы кодэкс і падпарадкоўвацца Правілам унутранага распарадку пакуль што яшчэ не зацьверджаныя. Таму, як тут гавораць на мясцовым слэнгу, я зараз „без папераў“.

Апрача таго, Крымінальна-выканаўчым кодэксам прадугледжанае добраахвотнае ўступленьне зьняволеных у СА (самадзейнае аб’яднаньне). Дык вось, улічваючы гэтую добраахвотнасьць, я туды яшчэ не ўступіў, бо я і так сябра многіх арганізацыяў і аб’яднаньняў, у тым ліку БАЖ, Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства беларускай мовы і Беларускага ПЭН-цэнтру, так што СА для мяне было б ужо занадта».
XS
SM
MD
LG