Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: Усё ў нас рэзка і кардынальна зьменіцца


Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

«Галоўны ўрач дому-інтэрнату стварыў сваю вэртыкаль улады і трымаў пад кантролем усё. Было ў яго чынавенства — пэрсанал: намесьнікі, урачы, мэдсёстры. Быў „народ“ — хворыя ды старыя. Быў і свой спэцназ — санітары, гатовыя ў любы момант прыдушыць любое незадавальненьне. Была і свая турма — карцар для асабліва буйных і незадаволеных».

Гэта ўрывак зь нядаўна выдадзенай кнігі «Спачатку была цемра» Барыса Пятровіча — старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, з якім мы пагутарым і пра новы твор, і пра суіснаваньне ў Беларусі дзьвюх пісьменьніцкіх арганізацый.

— Барыс, мне захацелася параўнаць тваю аповесьць «Спачатку была цемра» з раманам Андрэя Федарэнкі «Рэвізія». І там і там — студэнцкае жыцьцё 80-х гадоў, у абодвух творах фігуруюць моладзевыя суполкі «Тутэйшыя» і «Талака», пазнаюцца адны і тыя ж прататыпы. Чым прыцягальныя тыя гады для цябе як пісьменьніка?

Ппакаленьне “Тутэйшых” не сказала сваё апошняе слова
— Прыцягальныя хоць бы тым, што пра тыя гады, як і ўвогуле пра нядаўняе мінулае, у нас мала хто піша. Тым болей пра сучаснасьць. Беларуская літаратура ніколі не цуралася надзённасьці і не баялася вострых тэмаў. Калі казаць пра прозу, дык згадаем хоць бы імёны Чорнага ці Гарэцкага, Быкава ці Шамякіна. Але чамусьці так сталася, што з часам большай папулярнасьцю і сярод аўтараў, і сярод чытачоў пачала карыстацца гістарычная літаратура. Можа быць, проста трэба, каб дзеля асэнсаваньня мінулага прайшоў час... А тыя гады былі папраўдзе найцікавейшымі ня толькі для творцаў. Вялікая краіна абуджалася, прачыналіся народы, і моладзь, пэўна ж, першай адчула тое і пачала гуртавацца, думаць пра перамены, пра незалежнасьць і спрабаваць нешта рабіць дзеля гэтага. Думаю, пра той час яшчэ зьявяцца новыя цікавыя творы, бо пакаленьне «Тутэйшых» не сказала сваё апошняе слова. А можа, зьявіцца «новы а мудры» пісьменьнік з маладзейшых, які па-іншаму зірне на тыя гады. Леў Талстой вунь напісаў «Вайну і мір» (сёньняшнія навукоўцы ўдакладняюць — «Вайну і сьвет») праз больш чым пяцьдзясят гадоў пасьля падзеяў... Думаю, ніхто ня будзе спрачацца, што тэма развалу Савецкага Саюзу і зьяўленьня ў адзін час паўтара дзясятка незалежных краінаў, вартая асэнсаваньня і пераасэнсаваньня. Вунь якую рэакцыю, можна сказаць — ажыятаж, выклікала ў Эўропе новая кніга Сьвятланы Алексіевіч пра «канец чырвонага чалавека».

— Галоўнага героя тваёй аповесьці Ўладзю Касінера хоча завербаваць КДБ, а калі не ўдаецца — спрабуе яго забіць. Выжыўшы, ён паступова вяртаецца да памяці ў доме-інтэрнаце, які дужа нагадвае дзяржаву ў мініятуры. Што дае яму сілы для супрацьстаяньня з усемагутным тады КДБ?

— Я ня стаў бы спрашчаць сюжэт аповесьці да гэтага супрацьстаяньня і акцэнтаваць увагу на ім. Для мяне галоўнае іншае: думкі, адчуваньні, лёс чалавека, які раптам вынырвае зь цемры невядомасьці ў гэты сьвет, ня памятаючы сябе, свайго мінулага, нават імя. Гэта цяжка — нарадзіцца ў дваццаць восем гадоў і наноў вучыцца хадзіць, гаварыць. Быць у поўнай адзіноце. Без мінулага і будучыні. А ўсё астатняе — суполкі, мітынгі, незалежнасьць, першыя выбары прэзыдэнта, перасьлед КДБ, голад і бруд, страх і гвалт у доме-інтэрнаце — гэта проста тло, на якім адбываюцца найвялікшыя падзеі ў простым чалавечым жыцьці, у жыцьці самотнага, адзінокага, забытага ўсімі чалавека.

— У свой час чэхаўскую «Палату № 6» параўноўвалі з усёй Расеяй. У апісаным табой доме-інтэрнаце зладжаная гэткая самая вэртыкаль улады, як і ва ўсёй Беларусі. Ці ёсьць гэты «дыягназ» канчатковым, ці яшчэ застаецца надзея, як любяць казаць лекары?

У грамадзтва, у адрозьненьне ад асобнага чалавека, невылечных хваробаў няма
— Мне хацелася б думаць, што калі і можна параўнаць Беларусь з тым домам-інтэрнатам, дык Беларусь ня сёньняшнюю, а тую, 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Хоць масткі з жыцьця там, у тым доме, вельмі лёгка перакідаюцца ў дзень сёньняшні. Бо, на жаль, зьмянілася ў нашым жыцьці ня так шмат, як хацелася б, як думалася, як магло быць у незалежнай краіне, як ёсьць у суседзяў... Адзін з герояў аповесьці разважае пра галоўнага героя, які страціў памяць, і кажа, што ў ім увасобіліся ці ня ўсе лепшыя і горшыя рысы, характэрныя народу, сярод якога ён жыве. Тут будзе да месца цытата, можа, камусьці і непрыемная: «...народу, што таксама праспаў сваю незалежнасьць, не памятае свайго мінулага, адлічваючы яго то ад 17-га, то ад 45-га году, баіцца пакінуць дурдом, які называецца „саўком“, і зажыць самастойна, народу, які нават імя свайго не памятае — беларусы, крывічы, ліцьвіны». Ёсьць там і іншыя паралелі-перакліканьні з нашым сёньня. Але я цьвёрда ўпэўнены: у грамадзтва, у адрозьненьне ад асобнага чалавека, невылечных хваробаў няма. І ўсё яшчэ ў нас рэзка і кардынальна зьменіцца.

— Давай вернемся да тэмы супрацоўніцтва з КДБ, які твайго героя і ў доме-інтэрнаце не пакідае без нагляду. Як вядома, і сярод «Тутэйшых» былі сэксоты. Здараліся і публічныя прызнаньні. Як ты лічыш, вадзіць за нос спэцслужбы, як спрабуе рабіць твой герой, было магчыма?

— Гэта мастацкі твор, а не дакумэнтальны. Праўда, апісваючы пэўны час, тым болей блізкі нам, нельга абысьціся бяз пазнавальных і агульнавядомых рэчаў. І многія, сапраўды, памятаюць прызнаньні некалькіх літаратараў у друку аб іхным сексоцтве. Яшчэ больш, пэўна ж, не прызналіся ў тым і не прызнаюцца ніколі. Але, паўтараю, гэта мастацкі твор, хоць ня ўсё там чыстая выдумка, і ў герояў ёсьць прататыпы, можа і пазнавальныя, але я стараўся завуаляваць іх і сапраўдныя лёсы, біяграфіі перамяшаць да непазнавальнасьці. Але мне прыкра чуць ад тых, хто прачытаў аповесьць, што ў адным з герояў нібыта пазнаецца вядомы бард. Я зусім не яго меў на ўвазе, але, «заблытваючы сьляды», відаць, перастараўся. А ўвогуле — час быў смутны і імклівы, і ў ім усё было мажліва, таму мне дадумваць шмат не давялося.

— Назва «Спачатку была цемра» выклікае біблейскія асацыяцыі. Падчас тае цемры непрасьвяцімай Усявышні сказаў: «Хай будзе сьвятло» — і сталася сьвятло. Пісьменьнік — ня Бог, і цемру расьсеяць трыма словамі ня можа. Але ці павінен ён задумвацца, што ён памнажае — цемру ці сьвятло?

— Ты кажаш: павінен... Не люблю я гэтага слова. Ніхто нікому нічога не павінен. Апроч хіба сваіх продкаў, маці, якая нарадзіла, і роднай зямлі, якая цябе прыме... Але што тычыцца канкрэтна літаратуры і пісьменьніка, то тут сытуацыя асаблівая. Ня думаю, што нехта так вось наўпрост ставіць перад сабою задачу: памнажаць цемру. А вось сеяць разумнае, добрае, вечнае — лічылі за гонар. Такое было. І, пэўна, ёсьць. Наколькі гэта ўдаецца? Залежыць, відаць, ад таленту і прафэсіяналізму. Бо, хто б сумняваўся — слова магутная сіла, і нашкодзіць ім, можа, таго і не жадаючы, вельмі лёгка... І таму, пагаджаюся адназначна, першазадача, звышзадача пісьменьніка — усё ж у гэты сьвет несьці сьвятло, а ня цемру, а гэта значыць — дабро, а ня зло. Толькі ня можа быць гэта наўпрост, у лоб, інакш выкліча непрыняцьце.

— Пытаньне па-за галоўнай тэмай нашай гутаркі. Ня так даўно пяцёра пісьменьнікаў пакінулі прыўладны чаргінцоўскі саюз і перайшлі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, якім кіруеш ты. З гэтай нагоды у СМІ усчаўся быў вялікі шум. Ці гатовы ты прыняць у сваю арганізацыю літаральна ўсіх ахвотных з чаргінцоўскага саюзу?

Саюзы пісьменьнікаў ва ўсім сьвеце – сур’ёзныя арганізацыі, і нельга іх мяняць, як пальчаткі
— Ну, па-першае, прымаю ня я, а рада СБП. І прымае паводле жаданьня і заявы таго, хто хоча перайсьці. І тут у рады падыход да кожнага асабісты і строгі. Саюзы пісьменьнікаў ва ўсім сьвеце — сур’ёзныя арганізацыі, і нельга іх мяняць, як пальчаткі. Што тычыцца апошніх падзеяў, то з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі выйшлі ня проста шэраговыя сябры, а адны зь лепшых пісьменьнікаў, што там ёсьць. Гэта людзі паважаныя і зь імем у літаратуры, у пісьменьніцкім і чытацкім асяродку. Тым, хто вяртаецца да нас, у наш саюз, прызнаючы, што паддаўся некалі ўціску і перайшоў у новаствораны СПБ, і чые асабовыя справы з рэкамэндацыямі ды іншымі дакумэнтамі ў нас захоўваюцца, дастаткова будзе напісаць заяву на аднаўленьне. А вось тым, хто адразу ўступаў у іншы саюз, а туды, варта прызнаць, пагнаўшыся напачатку за колькасьцю, напрымалі шмат людзей далёкіх ад літаратуры, давядзецца прайсьці працэдуру прыёму па новай, паводле нашага статуту... Бо для нас важна захаваць той факт, што прыём у саюз пісьменьнікаў ёсьць своеасаблівае прызнаньне кандыдата прафэсійным творцам.

— Паводле афіцыйнага сайту прыўладнага СПБ у яго шэрагах знаходзіцца больш за 500 чалавек. Ды і ў СБП прыблізна столькі. Ці не зашмат тых, каго афіцыйна прызналі «прафэсійнымі творцамі»?

— Я сам з Гомельшчыны, доўгі час там працаваў і ведаю сытуацыю ў творчым асяродку. А таму быў дужа зьдзіўлены, калі пачуў, што ў Гомельскім аддзяленьні СПБ больш за 50 сяброў. Адкуль? Хто? Навошта? Бо, па вялікім рахунку, сёньня ўступленьне ў саюз ніякіх выгодаў не дае. Шум у СМІ ў сувязі з выхадам-пераходам магу зразумець толькі ў адным ракурсе: з прыўладнага саюзу выйшлі сапраўды заўважныя літаратары. Для нас гэта звычайная зьява, бо амаль на кожнай радзе мы разглядаем заявы тых, хто вяртаецца да нас. Гэта жыцьцё, і калі ёсьць два саюзы, то і ёсьць рух між імі. Мне не падабаецца толькі адно, што некаторыя літаратары скарыстоўваюць гэтую сытуацыю і часам спрабуюць у свае міжсяброўскія спрэчкі ўцягнуць кіраўніцтва саюзу. Маўляў, вы мяне не абаранілі, дык я выйду з вашага саюзу. Альбо — я не падзяляю думку аднаго з сяброў саюзу, дык пішу заяву аб выхадзе... Трэба разумець, што Саюз пісьменьнікаў — гэта ня партыя, і ніколі не было і ня будзе поўнага аднадумства ў такой творчай арганізацыі. І ў тым, што мы розныя, як ні парадаксальна тое гучыць, якраз і ёсьць нашая сіла. Гэта разумелі, да прыкладу бальшавіцкія кіраўнікі, калі стваралі восемдзясят гадоў таму адзіны Саюз пісьменьнікаў.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG