Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пакараў начальнікаў Бабруйскай турмы, дзе сядзіць Бяляцкі


Бабруйская папраўчая калёнія № 2
Бабруйская папраўчая калёнія № 2

Сваякі і калегі зьняволенага праваабаронцы пабойваюцца, што рэжым утрыманьня Алеся Бяляцкага можа быць пагоршаны, паколькі кіраўніцтва калёніі можа яму помсьціць за рашэньне Эўразьвязу.

У сьпіс беларускіх грамадзянаў, якія трапілі пад санкцыі Эўразьвязу, унесеныя Аляксандр Какунін, начальнік Бабруйскай папраўчай калёніі № 2, і ягоны намесьнік Юры Трутко. Менавіта ў гэтай калёніі адбывае пакараньне зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца зь «Вясны» Тацяна Равяка зазначыла Свабодзе, што нічога не ведала аб тым, што Эўразьвяз зьбіраецца пакараць візавымі санкцыямі кіраўнікоў Бабруйскай турмы, дзе знаходзіцца яе паплечнік Алесь Бяляцкі:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка
«Ці сапраўды іх пакаралі з-за Алеся, можна толькі меркаваць. Але пагаджуся, што хутчэй за ўсё гэта зьвязана з тымі ўмовамі, у якіх вымушаны адбываць пакараньне Алесь Бяляцкі. Мяне вельмі насьцярожвае гэты крок, таму што на працягу ўсяго адбыцьця пакараньня Алесь практычна нічога не пісаў пра ўмовы ўтрыманьня. Відаць, з-за турэмнай цэнзуры, бо гэта закрытая тэма. Але не выключана што і таму, што нейкія нашыя неабдуманыя крокі могуць прывесьці да пагаршэньня гэтых умоваў. Нават калі мы штосьці даведваліся, то стараліся не рабіць гучных заяваў, каб не нашкодзіць».

Тацяна Равяка такім чынам кажа, што рашэньне Эўразьвязу можна назваць «пэўнай адзнакай дзеяньняў начальнікаў турмы»:

«Але з другога боку я баюся каб гэта не нашкодзіла, таму што Алесь зараз знаходзіцца цалкам у руках адміністрацыі калёніі. Тое, што цяпер адбываецца, можа выклікаць вялікія апасеньні, зыходзячы з таго, як цяжка Алесю даводзілася ўвесь гэты час».

Атрымаць камэнтар ад адміністрацыі Бабруйскай калёніі пакуль не ўдаецца.

Справа Бяляцкага


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG