Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі ня ўцёк. Ён пабываў з разьвітальным візытам у Брусэлі


Міхаіл Саакашвілі і і Жазэ Мануэль Барозу ў Брусэлі.

Міхаіл Саакашвілі і і Жазэ Мануэль Барозу ў Брусэлі.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які днямі пакідае сваю пасаду, наведаў Брусэль для перамоваў з кіраўніцтвам Эўрапейскага зьвязу напярэдадні саміту удзельнікаў праграмы «Усходняе партнэрства», што пройдзе праз месяц у Вільні.

На гэтым саміце Тбілісі мае парафаваць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

Пад час сустрэчы з Саакашвілі прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу выказаў спадзеў, што партыя «Адзіны нацыянальны рух» Міхаіла Саакашвілі будзе далей рабіць канструктыўны ўклад у палітычныя дэбаты ў Грузіі, знаходзячыся ў апазыцыі.

Пазаўчора Саакашвілі, выступаючы з апошнім зваротам да народа з прэзыдэнцкага палаца, сярод іншага, заклікаў грузінаў працягнуць распачатае ім дзесяць гадоў назад «падарожжа ў будучыню, якое не сканчаецца» , а таксама ніколі не адмаўляцца ад мэты ўступіць у НАТО і Эўразьвяз і не даць нікому магчымасьці прынесьці ў ахвяру сувэрэнітэт краіны, не даць магчымасьці вярнуцца расейскім агентам.

Потым позна ўвечары ён вылецеў у Брусэль, праз недахоп афіцыйных паведамленьняў у той у Грузіі пайшлі чуткі, быццам Саакашвілі «ўцёк».

Тым часам Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі канчаткова пацьвердзіла перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах Георгія Маргвелашвілі, вылучэнца кіроўнай кааліцыі «Грузінская мара». Яго інаўгурацыя павінна адбыцца 17 лістапада, тады ж

Саакашвілі пакіне пасаду прэзыдэнта пасьля таго як ён адбыў на ёй два тэрміны. Разам з тым уступяць у сілу зьмены ў Канстытуцыю Грузіі, паводле якіх паўнамоцтвы прэзыдэнта рэзка скароцяцца, і ён ператворыцца ў пераважна цырыманіяльнага кіраўніка дзяржавы.
XS
SM
MD
LG