Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пратэст супраць расейскіх базаў — амаль 6 мільёнаў штрафу


Юры Новікаў
Юры Новікаў

29 кастрычніка Ленінскі суд Магілёва аштрафаваў кіраўніка абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрыя Новікава на 45 базавых велічыняў — гэта 5 мільёнаў 850 тысяч рублёў.

Судзьдзя Алена Волкава прызнала яго вінаватым у распаўсюдзе ўлётак, якія, паводле выраку, прыроўненыя да сродкаў масавай інфармацыі. Актывіст, як пазначана ў прысудзе, раздаваў іх людзям, ня будучы грамадзкім распаўсюднікам. Ва ўлётках гаварылася, чаму варта выступаць супраць разьмяшчэньня ў Беларусі замежных ваенных базаў.

Юры Новікаў свае віны не прызнаў. Справу супраць сябе назваў палітычнай. Прасіў суд спыніць адміністрацыйны працэс праз адсутнасьць складу правапарушэньня. Актывіст не адмаўляў, што ўдзельнічаў у акцыі апазыцыі, якая называлася «Маратон збору подпісаў супраць замежных вайсковых базаў на зямлі Беларускай». Разам зь ім 8 верасьня зьбіралі подпісы мінакоў на вуліцы Ленінскай яшчэ дзясятак актывістаў.

Затрымаўшы, даводзіў суду Новікаў, міліцыянты доўга не маглі выставіць абвінавачаньне, бо ў пастарунку не было ні Канстытуцыі, ні закону «Аб сродках масавай інфармацыі». Склаўшы пратакол апытаньня, міліцыянты яго адпусьцілі. Пратакол жа адміністрацыйнага правапарушэньня склалі толькі 17 верасьня, і тое з хібамі.

«Усё гэта робіцца, каб спыніць хвалю грамадзкай актыўнасьці, пратэсту супраць расейскіх базаў. Міліцыянты наведалі кожнага, хто расьпісаўся ў маім падпісным лісьце. І гэта для мяне асабіста проста жах. Калі людзі ставілі свае подпісы, то я ім казаў, што ў гэтым няма нічога супрацьзаконнага. Людзі ж, калі ставілі подпісы, то пабойваліся. І даводзілася іх пераконваць, што гэта наагул бясьпечна. Цяпер я адчуваю сябе вінаватым перад гэтымі людзьмі, што да іх прыходзілі міліцыянты, апытвалі суседзяў. Атрымліваецца, што іх зь невінаватых зрабілі вінаватымі», — зазначае Юры Новікаў.
Міліцыянты наведалі кожнага, хто расьпісаўся ў маім падпісным лісьце

У суд міліцыянты выклікалі дваіх падпісантаў. Фэрмэр з Магілёўскага раёну Ўладзімер Пухоўскі, даведаўшыся, па якой справе яго выклікалі, адрэагаваў:

«Дык гэтаму чалавеку трэба дзякаваць. Ён герой! А што, яго судзяць яшчэ за гэта? Гэта ж сапраўдны патрыёт. Вы ўяўляеце, калі б мы сядзелі ў акупацыі і ён пайшоў бы ваяваць з ворагам, а мы б яго судзілі, што ён не па законе зь ім ваюе. Так атрымліваецца? Мне задалі пытаньне: „Ці згодныя вы з тым, што на тэрыторыі нашай рэспублікі будуць знаходзіцца замежныя вайсковыя фармаваньні?“ Я адказаў, што замежны бот не павінен таптаць нашу зямлю, бо заўтра мае ўнукі пойдуць на загад акупацыйных уладаў служыць у гарачыя кропкі. А мы ж нэўтральная дзяржава».

Судзьдзя Алена Волкава пыталася ў сьведак, ці раздаваў Новікаў улёткі. Адзін адказаў, што ўлёткі ў актывіста нібыта былі, але іх ён ня браў. Другі сьведка сказаў, што ўлётак ня бачыў.

Суду не ўдалося заслухаць тлумачэньні міліцыянтаў, якія затрымлівалі Новікава. Адзін зь іх, супрацоўнік патрульна-паставой службы Валеры Пахомаў, у суд зьявіўся бяз пашпарта. Судзьдзя выправіла яго па дакумэнт. Міліцыянт пайшоў і больш у судзе не аб’яўляўся.

Зь міліцэйскіх пратаколаў вынікала, што Новікаў, ня будучы грамадзкім распаўсюднікам СМІ, раздаваў людзям улёткі, чым давёў іх зьмест да агульнага ведама. Зьмест улётак міліцыянты назвалі палітычным. Паводле міліцыянтаў, затрымалі Новікава аднаго, бо іншыя актывісты разьбегліся, чаго, аднак, не пацьвердзілі сьведкі. Яны паведамілі, што Новікава затрымалі, калі акцыя скончылася.
Падпісныя лісты, дзе людзі ставілі подпісы, таксама прызналі сродкамі масавай інфармацыі

Юры Новікаў не хаваў, што ўлёткі пры сабе меў, але іх не раздаваў. На довады міліцыянтаў актывіст запярэчыў, што ўлёткі не зьяўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, бо не адпавядаюць крытэрам, пададзеным у законе «Аб СМІ». Зьмест улётак, тлумачыў суду Новікаў, не парушае правоў іншых людзей і не нясе пагрозаў дзяржаўнай бясьпецы, таму прэтэнзіі да яго з боку міліцыі беспадстаўныя і надуманыя.

Юры Новікаў не спадзяваўся на апраўдальны прысуд, але вырак судзьдзі Алены Волкавай шакаваў актывіста:

«Яна патлумачыла, што нават сьведкі з майго боку нібыта пацьвердзілі, што я распаўсюджваў улёткі гэтыя, і што я другі раз прыцягваюся па гэтым артыкуле да адказнасьці, таму такі жорсткі прысуд. Падпісныя лісты, дзе людзі ставілі подпісы, таксама прызналі сродкамі масавай інфармацыі, і іх мне ня вернуць», — пракамэнтаваў вырак Юры Новікаў.

Адміністрацыйны працэс супраць актывіста пачалі яшчэ 11 кастрычніка. Тады судзьдзя Вольга Бекешава, разглядаючы справу, прызнала, што пратакол на актывіста міліцыянты склалі з парушэньнямі. Копія пратаколу не адпавядала арыгіналу. Матэрыялы справы адправілі на дапрацоўку ў Ленінскі аддзел міліцыі.

Год таму Юрыя Новікава судзілі па аналягічнай справе. Далі 4 мільёны штрафу. Той прысуд актывіст абскарджвае ў Камітэце па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Вырак судзьдзі Волкавай ён зьбіраецца абскарджваць тамсама, калі не даможацца справядлівасьці ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG