Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад канца мінулага тыдня набылі моц зьмены ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць канфіскацыю аўтамабіляў у кіроўцаў, што ўчынілі паўторнае цягам году правапарушэньне ў стане алькагольнага ап’яненьня. Якім чынам будзе адбывацца экспрапрыяцыя ўласнасьці і дзе плянуецца рэалізоўваць тэхніку?

Першага кандыдата на канфіскацыю аўтамабіля за кіраваньне ў нецьвярозым стане інспэктары ДАІ злавілі ў Берасьці на другі дзень, як пачаў дзейнічаць новы закон. За наступныя дні «паўторнікі» зьявіліся практычна ў кожным рэгіёне краіны. Шмат хто з кіроўцаў лічыў, што ўлік правапарушэньняў, учыненых падшафэ, будзе весьціся ад 24 кастрычніка, калі зьмены ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы пачалі дзейнічаць афіцыйна. Аднак насамрэч паўторныя правапарушэньні пачалі набягаць ад пачатку году.

Як патлумачыў старшы інспэктар па асаблівых даручэньнях Управы Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі Станіслаў Салавей, новыя папраўкі прадугледжваюць істотныя санкцыі: штраф (сама менш 13 мільёнаў рублёў) за астаткавы паказьнік ап’яненьня, пазбаўленьне на розныя тэрміны права кіраваць аўто і нават турэмнае зьняволеньне:

«Аўтамабіль, на якім рухаўся п’яны кіроўца (прычым другі раз цягам году), канфіскуецца — незалежна ад таго, хто зьяўляецца ўласьнікам гэтага транспартнага сродку. Акрамя таго, узмацняецца адказнасьць для кіроўцаў аўтамабіляў, якія ў стане алькагольнага ап’яненьня ўчынілі дарожна-транспартныя здарэньні, у якіх загінулі ці атрымалі раненьні іншыя людзі. У гэтым выпадку, калі загінулі два і больш чалавек, кіроўца можа быць пазбаўлены волі на тэрмін да 10 гадоў».
Ад агітацыі перайшлі да канфіскацыі

Ад агітацыі перайшлі да канфіскацыі


Такім чынам, калі кіроўцу затрымалі цягам году пасьля таго, як ён ужо прыцягваўся за п’янку, то ён панясе адказнасьць ажно да канфіскацыі аўтамабіля. У сваю чаргу, у Міністэрстве юстыцыі ўдакладнілі, што схема «спэцыяльнай канфіскацыі» транспартных сродкаў у п’яных кіроўцаў цалкам празрыстая і не павінна выклікаць нараканьняў.

Пасьля выяўленьня алькаголю ў крыві вадзіцеля аўтамабіль парушальніка арыштоўваецца і зьмяшчаецца на так званую штрафстаянку. Супраць кіроўцы пачынаецца крымінальная справа, падключаюцца сьледчыя. Пасьля гэтага матэрыялы перадаюцца ў суд, які агучвае канчатковы вэрдыкт — абмежавацца матэрыяльнымі спагнаньнямі альбо накіраваць «прылады злачынства» ў даход дзяржавы. У выпадку рашэньня аб канфіскацыі адмысловая камісія правядзе ацэнку кошту аўто і накіруе яго ў гандлёвы дом «Усходні» — спэцпляцоўку па рэалізацыі рознага канфіскату. Выручаныя сродкі будуць накіраваныя ў дзяржаўны бюджэт.

Між тым, на думку экспэртаў, такое распараджэньне прыватнай уласнасьцю супярэчыць сацыяльнаму характару дзяржавы, кіраўніцтва якой на словах дбае пра сваіх грамадзянаў, а на справе дэманструе зусім іншае. Як кажа Алег Маркевіч, які шмат гадоў аказвае прававую дапамогу аўтаўладальнікам, у выніку караецца ня толькі нейкі чалавек, але і ягоная сям’я:
Калі ласка, карайце канкрэтнага чалавека. Але пры чым тут яго сям’я, якая ў складчыну купляла гэтую машыну?

«Увогуле любая канфіскацыя прыватнай маёмасьці — гэта дрэнна. Калі чалавек парушыў — ёсьць Крымінальны кодэкс, ёсьць адміністрацыйнае разьвязаньне пытаньня. Калі ласка, карайце канкрэтнага чалавека. Але пры чым тут яго сям’я, якая ў складчыну купляла гэтую машыну? Ёсьць мноства сем’яў, у якіх дзядулі і бабулі аддавалі свае ашчаджэньні, каб дзеці ці ўнукі вазілі іх на лецішча. Чаму яны павінны пакутаваць ад аднаго вырадка ў сям’і, які і так ужо іх пакараў сваімі паводзінамі? Вы думаеце, яны шчасьлівыя? Не, канечне. Таму караць усю сям’ю — гэта амаральна. Падыходзіць трэба згодна зь дзейным законам. Калі чалавек двойчы парушыў, то існуе крымінальная адказнасьць за тое, што ён нанёс нейкую шкоду ці, ня дай божа, некага забіў. Усё гэта ёсьць у законе, навошта яшчэ нешта выдумляць?»

Адметна, што тэрміналёгія «спэцыяльная канфіскацыя» анулюе ранейшыя выключэньні з правілаў. Так, калі дагэтуль асаблівы статус захоўвалі транспартныя сродкі, адмыслова абсталяваныя для перамяшчэньня інвалідаў, то цяпер экспрапрыяцыі падлягаюць і яны. Ня робяцца выключэньні для аўтамабіляў, якія знаходзяцца на закладзе ў банках, а таксама для машынаў на рэгістрацыйных нумарах замежных краінаў. Такім чынам, які-небудзь расеец, які двойчы цягам году трапіць у рукі беларускай ДАІ нават з прыкметамі «выхлапу», са сваім аўто таксама разьвітаецца.

Апроч таго, як кажа Алег Маркевіч, з улікам непразрыстага характару дзейнасьці гандлёвага дому «Ўсходні», які падпарадкаваны Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, нельга выключаць карупцыйны складнік:
Калі чалавек будзе ведаць, што ў яго аўто ўсё роўна канфіскуюць, ён ня стане нават спыняецца

«Паколькі мэханізм канфіскацыі не адладжаны, ніхто яго толкам не разумее, то відавочна, што на добрыя канфіскаваныя аўтамабілі будуць расстаўленыя свае „крукі“. То бок асабліва прывабныя машыны папросту не паступяць у агульны продаж, а будуць разьмяркоўвацца дзесьці па сваіх каналах. А гэта ўжо выразныя прыкметы карупцыі. На маю думку, з усёй гэтай прыдумкай мы атрымаем толькі непадпарадкаваньне. Я ўжо сам чуў такія высновы: маўляў, калі чалавек будзе ведаць, што ў яго аўто ўсё роўна канфіскуюць, ён ня стане нават спыняецца і будзе лавіць свой апошні шанец, каб уцячы ад ДАІ».

Пакараныя за язду ў нецьвярозым стане будуць пазбаўленыя права на тое, каб выкупіць з крамы канфіскату ўласны аўтамабіль. Але калі машына зарэгістраваная на іншага чальца сям’і, то такая магчымасьць дапускаецца. Іншая справа, ці ёсьць сэнс другі раз плаціць за аўто, прычым па рынкавым кошце — цэньнікі ў гандлёвым доме «Ўсходні» амаль не саступаюць аўтарынку «Малінаўка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG