Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўніца амэрыканскага сэнацкага камітэту па выведцы Даен Файнстайн выступіла «катэгарычна супраць» збору інфармацыі Агенцтвам нацыянальнай бясьпекі (АНБ) адносна саюзьнікаў ЗША.

Сэнатарка ад Дэмакратычнай партыі Даен Файнстайн — якая выказвалася ў сувязі зь паведамленьнямі ў сусьветнай прэсе аб тым, што Амэрыка шпіёніла за сваімі саюзьнікамі, уключаючы Нямеччыну, Гішпанію, Францыю і Італію — абараняла некаторыя выведвальныя праграмы Агенцтва нацыянальнай бясьпекі. Інфармацыя пра гэтыя праграмы прасачылася ў сусьветныя СМІ дзякуючы кантрактніку АНБ Эдварду Сноўдэну, які атрымаў палітычны прытулак у Расеі. Але сэнатарка-дэмакратка з Каліфорніі адначасова адзначыла, што сачэньне за замежнымі лідэрамі — гэта зусім іншая справа. Паводле яе, у Белым доме паабяцалі, што збор інфармацыі адносна саюзьнікаў ЗША ня будзе працягвацца.

Раней прэс-сакратар Белага дому Джэй Карні сказаў журналістам, што адміністрацыя ЗША «прызнае неабходнасьць дадатковых абмежаваньняў у тым, як мы зьбіраем і выкарыстоўваем дадзеныя выведкі».

Заява Карні прагучала пасьля таго, як гішпанскі ўрад выклікаў амэрыканскага амбасадара з патрабаваньнем патлумачыць абвінавачаньні прэсы ў тым, што ЗША шпіёнілі за гішпанскімі грамадзянамі. Гішпанская газэта El Mundo, спасылаючыся на дакумэнты, атрыманыя ад Эдварда Сноўдэна, нядаўна напісала, што АНБ на працягу аднаго месяца прасачыла 60 мільёнаў тэлефонных званкоў у Гішпаніі.

Няясна, як амэрыканцы ажыцьцяўлялі сачэньне, якое нібыта мела месца ў Гішпаніі: з дапамогай маніторынгу оптавалаконных кабэляў, канфіскацыі дадзеных у тэлекамунікацыйных кампаній або іншымі сродкамі. Паведамляецца толькі, што АНБ зьбірала інфармацыю аб адпраўніку і атрымальніку паведамленьняў або званкоў, адрасы электроннай пошты разам з IP-адрасам, інфармацыю аб аб’ёме файлу, а таксама тэме паведамленьня. Інфармацыя аб кожным тэлефонным званку ўключала нумары абанэнта і адрасата, а таксама працягласьць званка, час, дату і месцазнаходжаньне чалавека, які тэлефанаваў.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель таксама адпраўляе прадстаўнікоў нямецкай выведвальнай службы ў Вашынгтон, каб атрымаць тлумачэньні з нагоды абвінавачваньняў у праслухоўваньні яе мабільнага тэлефона. Паводле публікацый у нямецкіх СМІ, ЗША праслухоўвалі тэлефон Мэркель на працягу 10 гадоў, і гэтая апэрацыя скончылася ўсяго некалькі месяцаў таму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG