Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі і абласны выканаўчыя камітэты задаволілі заяўку Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ на правядзеньне традыцыйнага шэсьця і мітынгу памяці продкаў «Дзяды».

Традыцыйнае шэсьце і мітынг у Курапатах пройдзе 3 лістапада. Збор удзельнікаў а 10:30 каля гадзіньнікавага заводу. З 11:00 да 14:30 — шэсьце ў Курапаты.

Удзельнікі шэсьця пройдуць па традыцыйным маршруце ад менскага парку Чалюскінцаў ва ўрочышча Курапаты праспэктам Незалежнасьці, вуліцамі Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. Людзі будуць несьці бел-чырвона-белыя сьцягі і крыжы, якія ўсталююць у Курапатах, а таксама сьвечкі і кветкі.

Шэсьце на Дзяды


Ад 30 кастрычніка 1988 году традыцыйны дзень памінаньня нябожчыкаў — Дзяды — набыў характар грамадзка-палітычнай падзеі. Штогод у памяць аб ахвярах камуністычных уладаў адбываецца шэсьце на Курапаты.

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было дасьледавана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG