Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыкевіч: Лукашэнка зразумеў, што Пуцін на нейкія жорсткія крокі ісьці не зьбіраецца


Чаму беларускія ўлады дагэтуль ня выпусьцілі кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра? Што хоча атрымаць ад Расеі Аляксандар Лукашэнка ўзамен на ягонае вызваленьне? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.

Цыганкоў: Некаторыя аналітыкі прагназавалі, што Аляксандар Лукашэнка перадасьць Расеі кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра падчас візыту Пуціна ў Менск, але гэтага не адбылося. Чаго дабіваецца Лукашэнка? На якіх умовах ён быў бы гатовы аддаць Баўмгертнэра Маскве?

Старыкевіч: Лукашэнкам былі агучаныя рэчы наконт таго, што Баўмгертнэр, альбо Керымаў, альбо «Ўралкалій» мусяць выплаціць пэўную суму, і калі будзе пакрытая, кампэнсаваная шкода, якую «Ўралкалій» нібыта нанёс Беларусі — Баўмгертнэра могуць перадаць Расеі. Што робіцца на самой справе, чаго дамагаецца Лукашэнка ў гэтай сытуацыі — сказаць вельмі цяжка, бо ўсё надта непразрыста.

Я б не перабольшваў, аднак, ролю Пуціна ў гэтай гісторыі. Выглядае, што яму ня надта важна вызваліць Баўмгертнэра, бо размова ідзе пра прадпрыемства і чалавека з групоўкі, блізкай да Мядзьведзева. Таму справа перайшла ў вялацякучы фармат і можа вырашацца досыць працягла. Лукашэнка зразумеў, што Пуцін на нейкія жорсткія крокі ісьці не зьбіраецца. Таму кіраўнік Беларусі можа чакаць выгадных прапановаў, спадзеючыся, што за Баўмгертнэра можна будзе атрымаць нешта сур’ёзнае.

Цыганкоў: На думку многіх беларускіх аналітыкаў, Лукашэнка ў калійнай вайне перамог — з палітычнага і рэйтынгавага гледзішча. Ці згодныя вы з такой ацэнкай? Ці мае сэнс яму працягваць калійны канфлікт, ці гэтую старонку можна было б ужо перагарнуць?

Старыкевіч: Наконт рэйтынгавага набытку — відавочна, ён ёсьць. Іншая справа, наколькі гэта істотна — бо гульня тут ідзе на грошы. Тое, што Лукашэнка ўзьняў свой рэйтынг — гэта ўскосны эфэкт, прыемны для яго, але ня больш за тое.

Пакуль бакі завісьлі ў нейкім цікавым становішчы. Нібыта адразу пасьля арышту Баўмгертнэра Керымаў зьбіраўся прадаваць свае акцыі «Ўралкалія», каб вызваліць свайго мэнэджэра. Але потым, мы бачым, працэс гэты раптам запаволіўся — прычым з ініцыятывы самога Керымава, які выстаўляе вялікую цану ды іншыя ўмовы. Таму ў гэтай сытуацыі пра пераможцаў казаць вельмі цяжка, прынамсі зь фінансавага гледзішча.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG