Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску згадалі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў


У Бабруйску згадалі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1937 году. Памінальная вечарына адбылася на сядзібе гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Перад мерапрыемствам удзельнікі ўсклалі кветкі ды запалілі сьвечкі ля памятнага знака «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсіяў».

На саму вечарыну прыйшлі больш за дваццаць чалавек. Паводле яе арганізатаркі Вольгі Піманавай, кожны ўдзельнік назваў адно імя са сьпісу рэпрэсаваных дзеячаў культуры, складзенага пісьменьнікам ды энцыкляпэдыстам Леанідам Мараковым. Памяць пра тых, хто прыйшоў праз сталінскія рэпрэсіі, хто загінуў у ГУЛАГу, ушанавалі хвілінай маўчаньня з запаленымі сьвечкамі.
Памятны знак «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсіяў»

Памятны знак «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсіяў»


На вечарыне згадалі паэта, празаіка, перакладчыка і публіцыста Сяргея Грахоўскага. Яго жыцьцёвы шлях зьвязны з Бабруйскам. Сёлета ў літаратара стогадовы юбілей, які шырока не адзначаўся ў Беларусі, са скрухай кажа Вольга Піманава.
Вольга Піманава

Вольга Піманава


Нарадзіўся Грахоўскі 12 верасьня 1913 году. Памёр 11 сьнежня 2002 году. Двойчы арыштоўваўся органамі НКУС у 1936 і 1949 гадах. Адбыў дзесяцігадовую ссылку. Пасьля рэабілітацыі ў 1955 годзе напісаў тры дакумэнтальныя аповесьці пра перажытае сабой ды іншымі: «Зона маўчаньня», «З воўчым білетам», «Такія сінія сьнягі».

«Тэма палітычных рэпрэсіяў актуальная і цяпер. Я пад уражаньнем творчасьці Грахоўскага. Ён піша, якімі людзі былі да рэпрэсіяў і, якія сталі пасьля іх. Тыя сталінскія часы неадчэпна трымаюць нас. Мы ніяк ня можам ад іх пазбавіцца. Нашы бацькі навучылі нас баяцца і не высоўвацца. Таптаць іншых, каб самому ўратавацца. Гэта ж усё з тых часоў. Каб гэта зьмяніць, трэба пра гэта казаць. Казаць пра творчасьць пісьменьнікаў, такіх як Грахоўскі. Нашаму грамадзтву трэба было б пакаяцца. Пераасэнсаваць. Зразумець, што тыя часы на нас і цяпер уплываюць. Трэба зьмяніцца самім, тады й жыцьцё зьменіцца», — зазначае Вольга Піманава.

Завяршылі вечарыну праглядам дакумэнтальнай стужкі пра рэпрэсаваных сьвятароў Сямёна Альбава ды Паўла Сеўбуа. Фільм зьнялі бабруйскія журналісты.
XS
SM
MD
LG