Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 29 кастрычніка: чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры


Унутраная турма КДБ (НКУС) "Амэрыканка"

Унутраная турма КДБ (НКУС) "Амэрыканка"

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Жалобны маратон па месцах масавых расстрэлаў 30-40-х гадоў у Менску і каля Менску. Пачатак а 11.00 каля ўваходу на Кальварыйскія могілкі. Удзельнікі маратону таксама наведаюць месцы расстрэлаў у Лошыцы, Трасьцянцы, парку Чалюскінцаў. А 18.00 у Курапатах адбудзецца малітва за бязьвінна закатаваных людзей.

Музычна-тэатральня iмпрэза «Вандраваньнi Радзiвiла «Сiроткi» ў Тэатральнай залі Нясьвіскага палаца. У iмпрэзе гучыць музыка XVI-XVII стагодзьдзяў. Пачатак а 12.00 і 14.00.

Сустрэча прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці з краін-удзельніц Усходняга партнэрства — гэтак званай Групы па інфармацыі і каардынацыі — у Брусэлі. У сустрэчы бярэ ўдзел камісар Эўразьвязу па пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1863 — у Жэнэве быў заснаваны Міжнародны чырвоны крыж.

1923 — былі прынятыя папраўкі ў канстытуцыю Турцыі, вынікам якіх быў распад Асманскай імпэрыі, а Турцыя стала рэспублікай.

1937 — самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя, агулам 22 чалавекі. Усяго ў тую ноч былі зьнішчаны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі ды дзяржаўнага апарату.

У гэты дзень нарадзіліся:

1451 — Хрыстафор Калюмб, славуты гішпанскі мараход. Гэта ён кіраваў гішпанскай экспэдыцыяй ў Індыю, у выніку якой была адкрытая Амэрыка.

1929 — Марат Казей, беларускі партызан, Герой Савецкага Саюза.

1938 — Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!»


«Прысяга» — апошні верш Міхася Чарота, напісаны ім на сьцяне турмы НКВД незадоўга да расстрэлу.
XS
SM
MD
LG