Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кашын: «Лукашэнкаўская Беларусь робіць у Расеі што хоча»


Алег Кашын

Алег Кашын

Вядомы расейскі журналіст Алег Кашын камэнтуе для Радыё Свабода дзеяньні беларускіх спэцслужбаў на тэрыторыі РФ.

Алег Кашын: «Пры Пуціну слова „сувэрэнітэт“ у Расеі зрабілася асноўным прапагандысцкім фэтышам. Нам тлумачаць, што ўсе паскудзтвы, якія вырабляе ўрад, апраўдваюцца абаронай сувэрэнітэту — лічыцца, што ў Расеі шмат ворагаў, якія хочуць яе аслабіць, таму Крэмль, па ягоных словах, вымушаны абараняцца, парушаць законы і правы чалавека і так далей.

Пры гэтым рэгулярна здараюцца рэчы, якія з пункту гледжаньня сувэрэнітэту патлумачыць немагчыма — такія, як база НАТО ва Ўльянаўску.

Паводзіны беларускага КДБ у Расеі — новая ілюстрацыя да таго, якія насамрэч справы з сувэрэнітэтам у пуцінскай Расеі.

Любая дзяржава — нават такая, як лукашэнкаўская Беларусь, — можа дазволіць сабе зрабіць у Расеі што заўгодна. Пуцін настолькі захапіўся захаваньнем асабістай улады, што не заўважыў, як ягоная дзяржава страціла ўсе прыкметы нармальнай дзяржавы.

Здаецца, гэта называецца failed state».

Пасьля інцыдэнту на Ленінградзкім вакзале ў Маскве, дзе ў мінулую пятніцу супрацоўнікі спэцслужбаў Беларусі паспрабавалі затрымаць грамадзяніна Расеі, аднаго з топ-мэнэджэраў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія » (БКК ) Дзьмітрыя Самойлава, служба бясьпекі «Ўралкалія» ўзяла пад ахову ўсіх супрацоўнікаў кампаніі, да якіх праяўляюць апэратыўную цікавасьць беларускія сілавікі.

Як паведаміла расейская газэта «Известия», рызыку іх затрыманьня ў кампаніі расцэньваюць як высокую. Паводле службы бясьпекі «Ўралкалія», супрацоўнікі КДБ Беларусі ўсталявалі ў Маскве кругласутачныя пасты і сочаць адразу за некалькімі мэнэджэрамі «Ўралкалія».

У кампаніі пацьвердзілі, што ў мінулую пятніцу супрацоўнікі КДБ Беларусі спрабавалі затрымаць на Ленінградзкім вакзале топ-мэнэджэра БКК Дзьмітрыя Самойлава, які ехаў у Санкт-Пецярбург. Некалькі апэратыўнікаў у цывільным зьнялі яго проста зь цягніка і паспрабавалі вывесьці з вакзалу, аднак бізнэсмэн падняў шум, які прыцягнуў увагу мясцовай паліцыі. Пасьля нядоўгага разбору ў аддзяленьні супрацоўнікі КДБ мусілі саступіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG