Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: 10 гадоў без рэгістрацыі


10 гадоў таму ўлады зачынілі праваабарончы цэнтар «Вясна». Між тым праваабаронцы працягваюць дапамагаць людзям у абароне іх правоў, а таксама працаваць на іншых кірунках праваабарончай дзейнасьці. Чаму не адступіліся?

Праваабаронца зь «Вясны» Ўладзімер Лабковіч добра памятае, як 28 кастрычніка 2003 году Вярхоўны суд паставіў крыж на рэгістрацыі «Вясны». Як атрымалася, што тое рашэньне ня стала крыжам на дзейнасьці праваабаронцаў? Уладзімер Лабковіч кажа, што геройства зь іхнага боку не было, яны законапаслухмяна спрабавалі аспрэчыць тое рашэньне, а потым атрымаць новую рэгістрацыю:

«Рашэньне Вярхоўнага суду, якое вынесла судзьдзя Валянціна Кулік, мы ў парадку нагляду абскардзілі ў Вярхоўны суд, але той пакінуў яго ў сіле. Мы падалі скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, які прыняў рашэньне, што нашы правы павінны быць адноўлены, бо ліквідацыя „Вясны“ не адпавядала міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтае рашэньне атрымалі Мін’юст і МЗС, але выконваць яго там не зьбіраліся і заявілі, што рашэньне суду ўступіла ў сілу і яно адзіна законнае. Пасьля гэтага мы яшчэ тройчы спрабавалі аднавіць рэгістрацыю „Вясны“, падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Мін’юст, але нам тройчы з абсалютна надуманых прычын адмаўлялі. Вось тады мы вырашылі і заявілі пра тое, што больш ня будзем падаваць дакумэнты на рэгістрацыю „Вясны“, бо відавочная незаконная адмова, а будзем працягваць сваю публічную празрыстую дзейнасьць. І гэтак працуем без рэгістрацыі».

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч прызнае, што безь легальнага статусу актывістам «Вясны» працаваць складаней, але гэта, як выявілася, зусім не галоўнае. Прыкладам, абараняючы інтарэсы пэўных людзей, праваабаронцы вядуць зь дзяржаўнымі ўстановамі ліставаньне ад сябе асабіста і такім чынам робяць сваю справу. Адказы ад дзяржаўных устаноў прыходзяць нават на імя незарэгістраванай «Вясны»:

«Такое бывала. Ад Сьледчага камітэту атрымлівалі адказы і ад іншых устаноў. Але гэта ўсё ж выключэньне. Збольшага існуючы ў Беларусі рэжым ставіцца катэгарычна нэгатыўна да правоў чалавека, а да праваабаронцаў — як да ворагаў. Але ў такой сытуацыі праца праваабаронцаў становіцца тым больш важнай. Бо мы — тая група людзей, тая каманда, якая бароніць людзей ад улады, што не прызнае за імі ніякіх правоў».

У 2011 годзе камандзе «Вясны» быў нанесены моцны ўдар — паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні прыбыткаў з-за мяжы на 4,5 года быў асуджаны старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі. Ужо больш за два гады ён у калёніі. Вызваленьне Бяляцкага, як і іншых палітвязьняў, — самае прынцыповае патрабаваньне да ўладаў з боку праваабаронцаў і апазыцыі. Ці запалохаў арышт Алеся Бяляцкага іншых праваабаронцаў? Былы капітан міліцыі Андрэй Палуда далучыўся да «Вясны» і цяпер адказвае за грамадзкую кампанію «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньня». Зусім нядаўна Вярхоўны суд Беларусі ўпершыню за шмат гадоў адмяніў сьмяротны вырак і адправіў справу на перагляд. Ці ёсьць у гэтым заслуга праваабаронцаў?

Андрэй Палуда: «Ёсьць унёсак і праваабаронцаў, юрыстаў, адвакатаў, і проста неабыякавых людзей. Ёсьць інфармаваньне грамадзтва пра гэтую праблему, якое мы робім праз кампанію супроць сьмяротнага пакараньня. І, нарэшце, калі б не было касацыйнай скаргі, не было б і адмены».

Андрэй Палуда пра сваю працу ў «Вясьне» кажа, што, нягледзячы на пагрозу рэпрэсіяў, адчувае сябе тут на сваім месцы і працуе з задавальненьнем.

Сёньня «Вясна» — адна з самых уплывовых у краіне і вядомых у сьвеце беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Яна дапамагае палітвязьням і ахвярам палітычных рэпрэсіяў, адсочвае ды асьвятляе праз свой сайт сытуацыю з затрыманьнямі актывістаў, вядзе маніторынг парушэньняў правоў чалавека, займаецца адукацыяй у галіне правоў чалавека. Шмат увагі аддаецца сумеснай з БХК кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары», якая ладзіць назіраньне за выбарамі, што праходзяць у Беларусі.

Наста Лойка
Наста Лойка
У грамадзкай прыёмнай «Вясны», а таксама ў судах на працэсах над актывістамі працуе Наста Лойка. Наста прыйшла ў арганізацыю ўвесну 2010 году і ўжо стала аўтарытэтным праваабаронцам. Маё пытаньне на дзяўчыны: чаму яна займаецца гэтай дзейнасьцю?

«Для мяне гэта вельмі важна. Я бачу, што людзям у такіх крызісных сытуацыях, як у нас у Беларусі, вельмі важна ня быць сам-насам зь бядой. Ведаць, што ёсьць людзі, якія гатовыя прыйсьці ім на дапамогу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG