Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У конкурсе інтэр’еру будучыні перамог праект турмы


Праект «Карпарацыя «Астрог» менскага архітэктара Вадзіма Пракопчыка заняў другое месца ў ІІІ-м штогадовым беларускім фэстывалі-конкурсе дызайну і архітэктуры Belarus Design Award, на якім дэманстраваліся канцэпты інтэр’еру дому будучыні.

Аўтар называе сваю канцэпцыю «Новым старым праектам таталітарнай архітэктуры». Вадзім Пракопчык займаецца распрацоўкай жылых інтэр’ераў кватэраў, офісаў і катэджаў. У конкурсе ўзяў удзел упершыню.

Праект «Карпарацыя «Астрог» — гэта архітэктурны праект будынку з маленькімі камэрамі-пакоямі, у якіх ёсьць аднамесны ложак, працоўны стол з кампутарам, убудаваны ў сьцяну манітор, а таксама санвузел за рассоўнымі дзьвярыма. Аўтар кажа, што, ствараючы праект турмы, бачыў жыльлё чалавека недалёкай будучыні, бо неўзабаве людзі будуць жыць акурат у такіх умовах.

«На маю думку, жыцьцё ў турме — гэта менавіта тое, што нас усіх чакае ў будучыні. Прычым гэты праект зусім не палітычны. Калі б я жыў у Польшчы, Нарвэгіі ці ЗША, я б зрабіў тое самае. Я лічу, што ўся сыстэма працуе на тое, каб чалавека татальна падпарадкаваць. Цяпер мы знаходзімся на этапе „заманухі“. Але хутка ён скончыцца. Аўтары іншых праектаў, прадстаўленых на конкурсе, бачаць будучыню з будынкамі зь вялікімі басэйнамі і шыкоўнымі більярднымі і бібліятэкамі. Я ўпэўнены, што ў жытле будучыні нічога такога ня будзе», — кажа Вадзім Пракопчык.

Будынак, запраектаваны як «Карпарацыя „Астрог“, можна параўнаць з супэрсучасным гатэлем, дзе чалавек селіцца ў невялічкі пакойчык, ці з турэмнымі камэрамі ў заможных краінах.

Вадзім Пракопчык
Вадзім Пракопчык
«Я даведаўся, што ў Італіі адна мэблевая кампанія зьвярнулася да колішніх зэкаў, каб тыя дапамаглі распрацаваць мэблю для невялікага інтэр’еру. Гэта было зроблена таму, што зэкі рэальна разумеюць, што такое рацыянальна карыстацца прасторай. Таксама вядома, што ў Японіі з 1979 году будуюцца капсульныя гатэлі, і цяпер іх там вельмі шмат. Цяпер такія гатэлі зьяўляюцца і ў іншых краінах. Таму гэта не фантастыка — гэта рэальнае жыцьцё: невялікая жыльлёвая прастора, чалавек пасьля працы прыйшоў, паглядзеў тэлевізар, заснуў“, — распавядае архітэктар. — Гэта — добраахвотная турма. Нешта кшталту гатэлю, у якім будуць галерэі для ўваходу ў нумары-камэры і вялікі атрыюм з раялем пасярэдзіне. Камэры — гэта нібыта невялічкія нумары з адсоўнымі дзьвярыма. Напачатку гэта выглядае даволі прывабна, сучасныя матэрыялы, дызайн. Але зь цягам часу ўсё зьменіцца і ператворыцца ў звычайны астрог, дзе ніхто нікога ні пра што ўжо пытацца ня будзе».

Фэстываль-конкурс Belarus Design Award — штогадовы міжнародны праект, у рамках якога праводзяцца творчыя конкурсы: Design Concept 2013 — для архітэктурна-дызайнэрскай супольнасьці і Design Product 2013 — накіраваны на выяўленьне лепшых прадуктаў, прадстаўленых рознымі ўсясьветна вядомымі брэндамі на беларускім рынку.

Гран-пры конкурсу — 50 мільёнаў рублёў. Прыз за першае месца — 15 мільёнаў, за другое — 10, за трэцяе — 5.


Арганізатар фэстывалю — кампанія ALVASGROUP

Трэцяе месца атрымаў праект Андрэя Пяткоўскага «Перакаваць мячы на орала?», першае месца — Алег Сяргеенка з праектам «Unlimited space», прыз глядацкіх сымпатыяў — Ганна Таболіч з праектам «Mobile comfort house». Гран-пры фэстывалю выйграла Эліна Шындлер з праектам «INVISIBLE (Нябачны дом)».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG