Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тое, што накачваць мускулы ў спартовай або трэнажорнай залі пры гуках музыкі – занятак і прыемны, і выніковы, ведаюць усе, хто гэтым займаўся.

А вось што з такім заняткам, калі чалавек, так сказаць, накачвае адначасова і мускулы, і музыку? Інакш кажучы, а што, калі сваім высілкам на трэнажоры чалавек адначасова стварае музыку?

Гэта магчыма? Як каму, але, прыкладам, немцы паспрабавалі, і нешта ў іх атрымалася.

Навукоўцы з Інстытуту гуманітарных ведаў і вывучэньня мозгу імя Макса Плянка ў Ляйпцыгу да трох машынаў сілавой трэніроўкі падключылі мудроныя электронныя скрыначкі, якія ператваралі мэханічны рух штангаў і іншых частак машынаў у электронную музыку, разнастайную паводле ўзроўню гуку і рытмаў. А потым гэтыя людзі навукі нанялі для экспэрымэнту групу 63 здаровых мужчын і жанчын і прыпісалі ім інтэнсіўныя 6-хвілінныя практыкаваньні на розных машынах – і тых, якія вытваралі музыку ад высілку, і тых, якія, так бы мовіць, па вызначэньні ня гралі.

Кожны індывідуальны высілак быў замераны зь нямецкай пэдантычнасьцю, і высновы аказаліся адназначныя: людзі, якія практыкаваліся на «музычных трэнажорах», былі ў змозе вытвараць большую сілу ў мышцах ды адначасова спажываць менш кіслароду, чым людзі на звычайных машынах. Ну і суб’ектыўная ацэнка практыкаваньняў была на карысьць «музычных трэнажораў» – пры музычнай трэніроўцы высілак падаваўся чалавеку менш вычарпальным, а рухі цела былі наогул больш плаўныя і гладкія.

Пакуль што немцы не наладзілі камэрцыйнай вытворчасьці згаданых музычных скрыначак для сілавых трэнажораў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG