Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Legatum Institute: Беларусь — краіна зь сярэднім дабрабытам


Belarus -- US dollar and Belarusian rouble banknotes, 14May2011

Belarus -- US dollar and Belarusian rouble banknotes, 14May2011

Міжнародная дасьледчая арганізацыя Legatum Institute у Лёндане апублікавала свой штогадовы «Глябальны індэкс дабрабыту» (Global Prosperity Index 2013), у якім Беларусь апынулася на 58-м месцы сярод 142 краінаў сьвету.

Глябальны індэкс дабрабыту складаецца інстытутам на аснове васьмі частковых індэксаў, якія адлюстроўваюць наступныя сфэры сацыяльна-эканамічнага жыцьця краіны: эканоміка; прадпрымальніцтва і магчымасьці для бізнэсу; кіраваньне; адукацыя; ахова здароўя; бясьпека; асабістая свабода; грамадзкі капітал. Пры вызначэньні кожнага з васьмі частковых індэксаў бяруцца пад увагу чыньнікі як аб’ектыўнага характару (афіцыйная статыстыка, уключна з даходам на душу насельніцтва), так і суб’ектыўнага (апытаньні грамадзянаў), якія ўплываюць на агульнае адчуваньне дабрабыту і дастатку. Агулам у сваёй мэтодыцы вызначэньня індэксу дабрабыту Legatum Institute бярэ пад увагу 89 розных парамэтраў.

Першая трыццатка краінаў у гэтым рэйтынгу дабрабыту выглядае наступным чынам: Нарвэгія, Швайцарыя, Канада, Швэцыя, Новая Зэляндыя, Данія, Аўстралія, Фінляндыя, Нідэрлянды, Люксэмбург, Злучаныя Штаты, Ірляндыя, Ісьляндыя, Нямеччына, Аўстрыя, Вялікабрытанія, Сынгапур, Ганконг, Францыя, Бэльгія, Японія, Тайвань, Гішпанія, Славенія, Мальта, Паўднёвая Карэя, Партугалія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Чэхія, Уругвай.

Краіны з 31-га да 112-га месца, сярод якіх і Беларусь, лічацца краінамі зь сярэднім узроўнем дабрабыту. Краіны з 113-га да 142-га месца маюць нізкі ўзровень дабрабыту.

Спаміж суседзяў Беларусі (58) вышэй за яе ў гэтым рэйтынгу апынуліся Польшча (34), Літва (43) і Латвія (48), ніжэй — Расея (61) і Ўкраіна (64).

Калі браць пад увагу частковыя індэксы дабрабыту, дык Беларусь паводле адукацыі заняла 20-е месца сярод 142-х краінаў сьвету, а паводле грамадзкага капіталу — 24-е. Што да кіраваньня, то Беларусь апынулася амаль у самым хвасьце — 124-е месца. Рэйтынг Беларусі паводле іншых частковых індэксаў дабрабыту: ахова здароўя — 39; бясьпека — 50; прадпрымальніцтва — 67; асабістая свабода — 104; эканоміка — 114.



Дзясятка апошніх краінаў у індэксе дабрабыту 2013 году: Ангола, Гаіці, Гвінэя, Емэн, Тога, Бурундзі, Аўганістан, Конга, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Чад.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG