Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: «ФСБ не дазваляе працаваць у Расеі»


Прэсавы сакратар КДБ РБ Артур Стрэх заяўляе, што беларускія спэцслужбы ня маюць дачыненьня да інцыдэнту з затрыманьнем былога мэнэджэра БКК Дзьмітрыя Самойлава ў Маскве.

Артур Стрэх: «Ня трэба быць прафэсіяналам, каб пабачыць абсурднасьць інфармацыі, якая распаўсюджваецца асобнымі інтэрнэт-рэсурсамі. Гэтая інфармацыя да таго ж носіць яўна правакацыйны характар.

Вядома, што на дадзены момант Сьледчы камітэт РФ рыхтуе дакумэнты для экстрадыцыі на тэрыторыю РФ Уладзіслава Баўмгертнэра, дзе зь ім і зь іншымі фігурантамі так званай „калійнай справы“ будуць праводзіцца неабходныя мерапрыемствы расейскімі праваахоўнымі органамі, у якіх дастаткова магчымасьцяў для правядзеньня апэратыўна-сьледчых дзеяньняў і забесьпячэньня аб’ектыўнага расьсьледаваньня гэтай справы.

Апроч таго, не выклікае ніякіх сумненьняў узровень кампэтэнтнасьці і прафэсіяналізму супрацоўнікаў ФСБ, які дазваляе выключыць магчымасьць працы супрацоўнікаў замежных спэцслужбаў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

А адзнаку дзеяньням супрацоўнікаў службы бясьпекі „Ўралкалія“ і іхняму псыхалягічнаму стану павінна даваць кіраўніцтва кампаніі, а не КДБ».

Артур Стрэх пацьвердзіў Радыё Свабода, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам дзеяньні супрацоўнікаў КДБ на тэрыторыі РФ немагчымыя. «Гэта выключана, — кажа Артур Стрэх. — Вы можаце сабе ўявіць, як два сяржанты паліцыі з боем адбіваюць у супрацоўнікаў КДБ мэнэджэра „Ўралкалія“? Гэта проста абсурд».

Артур Стрэх заяўляе, што КДБ ня мае зьвестак пра тое, калі адбудзецца экстрадыцыя Ўладзіслава Баўмгертнэра ў Расею: «Па гэтыя зьвесткі трэба зьвяртацца ў Сьледчы камітэт».

На пытаньне, ці мае дачыненьне КДБ РБ да расьсьледаваньня справы Ўладзіслава Баўмгертнэра і іншых мэнэджэраў БКК, Артур Стрэх адказвае:

«Не».

Пасьля інцыдэнту на Ленінградзкім вакзале ў Маскве, дзе ў мінулую пятніцу супрацоўнікі спэцслужбаў Беларусі паспрабавалі затрымаць грамадзяніна Расеі, аднаго з топ-мэнэджэраў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія » (БКК ) Дзьмітрыя Самойлава, служба бясьпекі «Ўралкалія» ўзяла пад ахову ўсіх супрацоўнікаў кампаніі, да якіх праяўляюць апэратыўную цікавасьць беларускія сілавікі.

Як паведаміла расейская газэта «Известия», у кампаніі расцэньваюць рызыку іх затрыманьня як высокую. Паводле службы бясьпекі «Ўралкалія», супрацоўнікі КДБ Беларусі ўсталявалі ў Маскве кругласутачныя пасты і сочаць адразу за некалькімі мэнэджэрамі «Ўралкалія».

У кампаніі пацьвердзілі, што ў мінулую пятніцу супрацоўнікі КДБ Беларусі паспрабавалі затрымаць на Ленінградзкім вакзале топ-мэнэджэра БКК Дзьмітрыя Самойлава, які ехаў у Санкт-Пецярбург. Некалькі апэратыўнікаў у цывільным зьнялі яго проста зь цягніка і паспрабавалі вывесьці з вакзалу, аднак бізнэсмэн падняў шум, які прыцягнуў увагу мясцовай паліцыі. Пасьля нядоўгіх разбораў у аддзяленьні супрацоўнікі КДБ мусілі саступіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG