Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі вінаватыя ў зрыве дыялёгу з Эўропай, — лічаць праваабаронцы


Удзельнікі 3-га Беларускага праваабарончага форуму наўпрост зьвярнуліся да саміту Усходняга Партнэрства, які мае адбыцца ў Вільні празь месяц.

Праваабаронцы лічаць, што праграма Усходняга Партнэрства «далёка ня ў поўнай меры рэалізуе свой патэнцыял да паляпшэньня становішча з правамі чалавека на эўрапейскім Усходзе». Паводле ўдзельнікаў форуму праваабаронцаў, які праходзіў 26-27 кастрычніка, зараз ва Ўсходняй Эўропе назіраецца падзел на тыя краіны, дзе эўрапейскія стандарты да правоў чалавека ўкараняюцца, і тыя, дзе ў гэтай галіне адбываецца рэгрэс.

Абаронцы правоў чалавека лічаць, што Беларусь апынулася менавіта ў групе рэгрэсу. Хто ў гэтым вінаваты?

«Віну за зрыў дыялёгу і нерэалізаванасьць патэнцыялу Ўсходняга Партнэрства для Беларусі мы ўскладаем на палітычнае кіраўніцтва краіны. Наяўнасьць у краіне палітвязьняў разам зь іншымі грубымі парушэньнямі правоў чалавека робіць немагчымым рэальны і прадуктыўны ўдзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве», — заявілі ўдзельнікі форуму.

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
У сваёй заяве да саміту Усходняга Партнэрства беларускія праваабаронцы заклікалі прыняць крокі, якія б заахвоцілі беларускія ўлады зьняць перашкоды для ўдзелу Беларусі ў праграме. Наперш, гэта вызваленьне палітвязьняў і аднаўленьне іх у правах. Прасоўваньне Беларусі ў кірунку рэформаў і набліжэньне да эўрапейскіх стандартаў беларускія праваабаронцы бачаць праз ўдзел Беларусі ў эўрапейскім дыялёгу. На думку праваабаронцаў супраца ўраду і грамадзкіх арганізацыяў з Эўразьвязам мусіць быць «раўнапраўным і роўным».

«Мы заклікаем краіны-партнэры не губляць увагу да гуманітарнага вымярэньня супрацы і ўлічваць пытаньні правоў чалавека ў вызначэньні далейшых шляхоў разьвіцьця Ўсходняга Партнэрства», — заяўлена ў звароце 3-га праваабарончага форуму.

Палітоляг, госьць форуму Дзяніс Мельянцоў гэтак пракамэнтаваў зварот беларускіх праваабаронцаў да саміту Ўсходняга Партнэрства.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
«Крытыка з гледзішча праваабаронцаў цалкам зразумелая, бо чаканьні на паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека сапраўды ня спраўдзіліся. Можна згадзіцца з тым, што патэнцыял праграмы не выкарыстоўваецца цалкам. Але нельга ўскладаць адказнасьць за гэта на адзін бок, бо сыстэма збудавана гэтак, што калі краіна краіна імкнецца ўступіць ў Эўразьвяз, калі ёсьць такі стымул, то стандарты прымаюцца, рэальныя зьмены да лепшага адбываюцца. А калі такога стымулу няма, то проста імітуецца прысутнасьць пэўных краін ва Ўсходнім Партнэрстве. Калі праграма толькі пачыналася, на прапанову Эўропы былі распрацаваныя шматбаковыя праекты, каля 20 такіх праектаў былі прапанаваныя беларускім ўрадам. Гэта і транспартна-лягістычныя праекты, будаўнічыя, культурныя ды іншыя. Менск адправіў гэтыя прапановы ў Брусэль, але адказу не атрымаў. А тое, што прапануе Эўразьвяз, Менск ня хоча рабіць. Таму, магчыма, і зацікаўленасьць ва ўдзеле ва Ўсходнім Партнэрстве ў афіцыйнага Менска мізэрная. Недавер застаецца, і гэта адбіваецца на супрацоўніцтве».

Удзельнікі форуму прынялі таксама заяву «Аб захадах па вяртаньні Беларусі да выкананьня міжнародных стандартаў па правах чалавека».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG