Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эта была, была, была — но прашло!» — як сьпявалася ў савецкай песьні... У Савецкім Саюзе, дарэчы, кіно цаніць умелі: напрыклад, сорак пяць з паловай мільёнаў чалавек паглядзелі першы фільм «Фантамасіяды», і з гэтымі сарака пяцьцю з паловай мільёнамі заўжды будзе пра што пагаварыць: на бязьлюднай высьпе ці ў адзіночнай камэры.

Але вернемся да францускіх «была» і «прашло» — бо зь іх усё і пачалося.

Калі 4 лістапада 1964 у Францыі адбылася прэм’ера «Фантамаса», амаль ніхто з гледачоў ужо ня памятаў, што за паўстагодзьдзя да таго нешта такое ўжо выклікала фурор і памарачэньне сынэмазалежных розумаў. Гаворка не пра бульварныя раманы Алена і Сувэстра — іх якраз-такі памяталі... Гаворка пра кіно — якое выветрываецца з памяці значна хутчэй за літаратуру, нават такой сумнеўнай якасьці.

9 траўня 1913 году, у дзень будучай перамогі народаў Савецкага Саюзу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іншымі бошамі і вошамі, на экраны Францыі выйшла нямая карціна «Фантамас для гільятыны». Посьпех быў неверагодны — і за паўтара года пра таго, першага Фантамаса, зьявіліся яшчэ чатыры фільмы: «Жуў супраць Фантамаса», «Мярцьвяк-забойца», «Фальшывы судзьдзя» і нават — вось ужо дзе д’ябальская вынаходлівасьць у творчым тупіку — «Фантамас супраць Фантамаса».

Ролю галоўнага нягодніка ва ўсіх сэрыях выканаў Рэнэ Навара — вушасты чалавек зьверскага выгляду. Цікава, што ў ім, актору пачатку стагодзьдзя, ужо ёсьць нешта ад Жана Марэ... Затое інспэктар Жуў там зусім не падобны да мітусьлівага гістэрыка — і не саступае Фантамасу ў розуме. Праўда, карыстацца заражанымі чумой пацукамі і кобрамі, як гэта рабіў намесьнік д’ябла ў Францыі, інспэктару забараняў закон. Зусім як праз паўстагодзьдзя.

Той даваенны Фантамас быў любімы францускім народам так, як савецкі любіў Сталіна. І як у СССР імем правадыра называлі заводы, фабрыкі і гарады, так у Францыі перад першай сусьветнай вайной імя ліхадзея насілі коні, рэстарацыі і караблі.

Але пачалася вайна — і пра Фантамаса ўсе забылі. Ніхто не здагадваўся, што ў паскудніка і садыста быў сын (відаць, ад лэдзі Бэльтам). Той самы, якога падабраў у 60-х на задворках няўдзячнай чалавечай памяці Андрэ Юнэбэль: памыў, абагрэў, накарміў, пашыў касьцюмчык — і выправіў у сьвет цэлы зь ягонай фантамасавай крыўдай. Выправіў па славу і любоў народную — жарсную, як нямое кіно, і зьменлівую, як дзяўчо.
XS
SM
MD
LG