Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Dididit dahdahdah dididit». Вось яна, мёртвая мова катастрофы. Такіпона бяды, на якую цягам амаль стагодзьдзя пасьпешліва перакладаліся хвалі велічынёй у астрог, зламаныя мачты, перакуленыя шлюпкі, непапраўныя цечы, змытыя ў акіян целы, зоркі віхуры ў небе, гнятлівае прадчуваньне гібелі.

Невядома, хто з маракоў упершыню даслаў у яшчэ гулкі ад пустаты этэр гэты сыгнал: SOS. Магчыма, брытанскі карабель «Славонія», які ў 1909 годзе наляцеў на рыфы каля Азораў і пайшоў на дно. На ягонае «дыдыдыт-дадада», якое прагучала новым акордам у радыётэлеграфнай музыцы, адгукнуліся ажно некалькі нямецкіх суднаў, што праплывалі паблізу — удалося ўратаваць большую частку пасажыраў і каманды. SOS падзейнічаў — і з таго часу дапамог немалой колькасьці марскога люду адкласьці знаёмства з прыдоньнем сьвету да лепшых часоў.

Радыст «Славоніі» папросту зрабіў усё ў адпаведнасьці з міжнароднай радыётэлеграфнай канвэнцыяй. Адпаведная дамова — прыняць SOS як адзіны «знак бяды» на моры і абавязаць усе караблі прымаць яго па-за чаргой — была падпісаная 3 лістапада 1906 году ў Бэрліне адразу некалькімі дзясяткамі дзяржаваў.

Знак задумваўся як унівэрсальны і не залежны ад баявых дзеяньняў — знак чалавечнасьці, сыгнал салідарнасьці, зьвернуты да сэрца, а не да пагонаў. Не міне і дзесяці гадоў пасьля падпісаньня канвэнцыі i катастрофы «Славоніі», як на моры пачнецца вайна — пра SOS дазволена будзе забыцца.

Прыбраць усе словы. Пакінуць толькі кропкі і працяжнікі. Часам здаецца, што ўсе нашыя кнігі, нашыя вершы, нашыя размовы, нашыя пераклады — толькі сыгналы пра бедзтва, якія мы дасылаем у звонкую пустату. Ці пачуе нас хто? Якая розьніца. Сутнасьць сыгналу — у яго паўтарэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG