Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А ў гэтым горадзе шмат што зьмянілася...

Вось, напрыклад, стаўленьне да беларускага помніка брацкаму марсіянскаму народу, якім, без сумневу, ёсьць будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Здаецца, менчукі зь ёй зьмірыліся і нечалавечым намаганьнем волі прымусілі сябе яе палюбіць. Рэдка ад каго цяпер пачуеш пра чупа-чупс і пра дай бог памяці якое там месца ў сьпісе самых выродлівых пабудоваў сьвету; неяк лёгка і нязмушана забылася бессаромнае дзяржаўнае вымаганьне грошай у насельніцтва, дзесяць гадоў таму, калі ніхто не пытаўся, ці няма ў цябе алергіі на ромбакубакатаэдры — вынь ды пакладзі на народную справу.

Аўтар гэтых радкоў, зрэшты, у той час ні шэлега ня здаў на бібліятэку, не таму, што не спачувае дзецям Германіі, а проста так, з пратэсту — і яму нічога за гэта не было. Іншыя здавалі — і цяпер могуць з поўным правам пазіраць на такіх, як аўтар, зь нетраў свайго дыямэнта, з вышыні сямідзесяці трох мэтраў і з пачуцьцём унутранай перавагі. Усё адно чалавеку, якому закарціць раптам прачытаць усе кнігі галоўнай беларускай бібліятэкі, нават калі ён здолее чытаць па кнізе ў гадзіну, спатрэбіцца, кажуць, 1255 гадоў. Людзі столькі не жывуць. Будынкі часам могуць.

Забыліся, сьцішыліся размовы пра тое, што яна ня сёньня, дык заўтра «патоне, патоне, патоне ў балоце» — і таму яе падмарожваюць зьнізу. Пра тое, што яна парушае гармонію гарадзкога аблічча — на фоне абсалютна вар’яцкай эклектыкі, якая цяпер пануе ў Менску, Нацыянальная бібліятэка ўжо нічога ня можа парушыць, бо не засталося што парушаць.

Яна магла выглядаць зусім па-іншаму — і дражнілі б яе зусім інакш. Магла мець форму разгорнутай кнігі, падковы на шчасьце, злавеснага бабілёнскага зікурата, чаркі аглаблёвай... Былі ў канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя — калі зрабілася ясна, што ня толькі Леніну, але і «ленінцы» прыходзіць канец — і такія праекты.

Толькі былі б яны рэалізаваныя, ніхто б да іх замежных гасьцей не вазіў... Не зьявілася б цудоўных футболак з профілем гордага алмаза і надпісам «How to get to the library?», па якіх ва ўсім сьвеце можна пазнаць чалавека, які быў тут, мёд-піва піў і бачыў тую library на ўласныя вочы. Калі яна ўсё-ткі паваліцца і пакаціцца па праспэкце, падмінаючы пад сябе картачныя дамкі менскага баў-буму і багатыя картэжы, яе будзе шкада. Хаця і ня так, як суседні Маскоўскі аўтавакзал.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG