Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біл Дойл, генэральны дырэктар Saskatchewan Inc. — найбуйнешага вытворцы калійных угнаеньняў у сьвеце — назваў «самаразбуральнай» стратэгію «Ўралкалія» «аб’ёмы вышэйшыя за цану».

Сярод іншага ён заяўляе , што Сулеймана Керымава вымушаюць прадаць сваю долю ў расейскай кампаніі.

Паводле меркаваньня Дойла, вынікам стратэгіі стала толькі тое, што цана сапраўды ўпала, а пакупнікі сталі адкладаць новыя кантракты. Пра гэта піша San Fransisco Chronicle.

«Гэта аматарскі падыход, — заявіў Дойл падчас канферэнц-званку для аналітыкаў. — Мы шмат гадоў назіраем, як людзі з буйнымі актывамі робяць глупствы. Але гэта самая дурная рэч, якую я калісьці бачыў».

Заяву пра разрыў стасункаў зь «Беларуськаліем» і новую стратэгію «Ўралкалій» зрабіў 30 ліпеня. Дарэчы, у артыкуле «Беларуськалій» наўпрост называюць «супернікам» расейскай кампаніі.

«Уралкалій» ужо абвясьціў, што прыбытак кампаніі за трэці квартал ніжэйшы за прагназаваны, і зьнізіў гадавы прагноз па прыбытаках.

Дойл таксама заявіў, што сярэдняя цана, па якой ён можа цяпер прапаноўваць угнаеньні, упала на 28% у параўнаньні з трэцім кварталам мінулага году.

63-гадовы Біл Дойл узначальвае кампанію з 1999 году. Спасылаючыся на меркаваньне спажыўцоў, ён назваў стратэгію «Ўралкалія» безадказнай. «Яны не разумеюць псыхалёгію рынку — гэта іх галоўная праблема, — кажа Дойл пра „Ўралкалій“. — Рынкі прагнуць стабільнасьці і пэўнасьці, а не ўзрушэньняў».
Рынкі прагнуць стабільнасьці і пэўнасьці, а не ўзрушэньняў

Аднак іншыя аналітыкі адзначаюць, што цэны на калій пачалі падаць яшчэ да заявы «Ўралкалія». Гэтак, Робэрт Вінзлоў, аналітык National Bank Financial з Таронта, кажа, што праблема зусім не ў паводзінах «Уралкалія»: «Паўночна-амэрыканскі алігапаліст проста ня хоча прадаваць сваю прадукцыю па гэтых цэнах».

Пры канцы ліпеня «Ўралкалій абвясьціў пра разрыў супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем» у межах Беларускай калійнай кампаніі. Расейцы абвінавацілі беларускіх партнэраў у тым, што тыя прадаюць угнаеньні ў абыход супольнага трэйдэра.

Беларусь адрэгавала арыштам генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Супраць яго і яшчэ чатырох мэнэджараў усчалі крымінальную справу паводле злоўжываньня ўладай і крадзяжы. Пра ўзбуджэньне гэткай жа справы абвясьцілі і ў дачыненьні да акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дазволіць Уладзіславу Баўмгертнэру вярнуцца ў Расею толькі пры ўмове кампэнсацыі шкоды. У справе Баўмегртнэра фігуре сума ў 100 млн даляраў. А шкода, нанесеная «Беларуськалію» падчас канфлікту, паводле прэзыдэнта, складае ад паўтара да двух мільярдаў даляраў.

Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што гатовыя вярнуцца да супрацоўніцтва з «Уралкаліем» пры ўмове зьмены Керымава. Чуткі пра тое, што Керымаў усё ж прадае сваю долю ва «Ўралкаліі», зьявіліся даўно, аднак дэталі ўгоды дагэтуль не вядомыя.

Паводле меркаваньня Біла Дойла, Керымаў сам не чакаў, што сытуацыя будзе разгортвацца такім чынам:

«Выглядае, што яго прымушаюць прадаць сваю долю ў кампаніі. Я ўпэўнены, што ён ня меў такога на ўвазе, калі выступіў з такой схемай (паводзінаў на рынку — рэд.)».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG