Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Вільні вырашалі, каго лічыць палітвязьнем


Удзельнікі беларускага праваабарончага форуму ў Вільні.

Удзельнікі беларускага праваабарончага форуму ў Вільні.

Рэпартаж Алега Грузьдзіловіча з 3-га Беларускага праваабарончага форуму ў Вільні.

На сэкцыі «Палітычныя вязьні: праблемы вызначэньня і вызваленьня» ўдзельнікам форуму былі прапанаваныя крытэрыі для вызначэньня палітвязьняў. Яны сфармуляваныя ў дакумэнце пад назвай «Кіраўніцтва па вызначэньні паняцьця «палітычны вязень».

Дакумэнт распрацаваны групай праваабаронцаў з 7 краін Эўропы і СНД. Ад Беларусі свой унёсак у яго распрацоўку зрабілі праваабаронцы «Вясны», БХК, камітэту «Салідарнасьць», Цэнтру прававых трансфармацый ды іншыя.

Як патлумачыў вядоўца дыскусыі праваабаронца Ўладзімер Яворскі з Украіны, неабходнасьць дамовіцца пра агульныя крытэры ў вызначэньні гэтага паняцьця выкліканая дзьвюма асноўнымі прычынамі.

Па-першае, нават ў дакумэнтах ААН не існуе агульна прынятага вызначэньня «палітычны вязень». Таму праваабаронцы арыентуюцца на дакумэнты Рады Эўропы, зь якімі, аднак, ня ўсе згодныя.

Другое — без дакладнага вызначэньня цяжка весьці размовы з чыноўнікамі краінаў, дзе ёсьць палітвязьні, бо яны адмаўляюцца гэта прызнаваць. «Апошні прыклад. У Азербайджане размаўлялі з прадстаўнікамі ўраду на гэтую тэму, а яны кажуць: а ў нас няма палітвязьняў, пакажыце нам іх», — згадаў Уладзімер Яворскі. Беларускія праваабаронцы гэты прыклад выдатна зразумелі.

Распрацоўшчыкі «Кіраўніцтва» прапануюць дзьве групы крытэраў. Гэта безумоўны палітычны характар пазбаўленьня волі. У Беларусі, паводле праваабаронцаў, менавіта з палітычных прычын пакаралі ўдзельнікаў пратэстнага мітынгу 19 сьнежня 2010 году. Кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, які дагэтуль знаходзіцца ў вязьніцы нібыта за ўдзел у масавых забурэньнях, — прыклад такога мэтанакіраванага палітычнага асуджэньня, мяркуюць праваабаронцы.

Таксама палітвязьнямі трэба прызнаваць вязьняў, якіх асудзілі паводле рэлігійных перакананьняў, з-за негвалтоўнай ці праваабарончай дзейнасьці.

Тут прыклад — праваабаронца «Вясны» Алесь Бяляцкі, якога асудзілі за нібыта ўтойваньне грошай з-за мяжы, хаця было вядома, што гэтыя грошы ішлі на дапамогу людзям. Такія выпадкі ёсьць і ў іншых краінах СНД. На форуме прагучала інфармацыя: ва Ўзьбекістане пазбаўленыя волі 16 праваабаронцаў.

Другая група крытэраў: там, дзе да папярэдніх прычынаў далучаюцца іншыя абставіны. Прыкладам, фальшаваньне доказаў, непрапарцыйнасьць пакараньня таму, што інкрымінуецца. Тут беларускія праваабаронцы назвалі ў якасьці прыкладу справу Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Праваабаронцы з Расеі згадалі справу Pussy Riot.

Калі правабаронцы патрабуюць безумоўнага вызваленьня палітвязьняў зь «першай групы», то адносна «другой» у іх падыход больш стрыманы. Улічваючы, што ў некаторых з гэтых выпадкаў ёсьць пэўнае правапарушэньне з боку палітвязьня, то правабаронцы выступаюць за тое, каб абавязкова іх справы былі перагледжаныя ў новым працэсе. «Трэба кожны выпадак вывучаць індывідуальна», — лічыць Уладзімер Яворскі.

Але ў досьведзе праваабаронцаў шмат прыкладаў гэтак званых «памежных сытуацый» ці зусім ужо спрэчных. У асобнай групе, паводле праваабаронцаў, знаходзяцца прыкметы, якія не дазваляюць нават пры наяўнасьці некаторых крытэраў зь дзьвюх першых груп назваць перасьледаванага палітычным вязьнем.

Так бывае ў выпадку гвалтоўнага правапарушэньня супраць асобы, за выключэньнем выпадкаў самаабароны. І другое — калі гвалт быў учынены з прычыны нянавісьці ці былі заклікі да гвалту паводле нацыянальных, этнічных, расавых ды іншых прыкмет.


Ці варта лічыць палітвязьнем Васіля Парфянкова?


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Вядома, што былы палітвязень Васіль Парфянкоў цяпер зьмешчаны на лячэньне ў ЛПП — лячэбна-працоўны прафілякторый. Некаторыя грамадзкія актывісты лічаць, што былога палітвязьня зьмясьцілі туды ў рэчышчы трывалага перасьледу яго як актыўнага апазыцыянэра.

Што кажуць на гэта праваабаронцы?

Алег Гулак з БХК зазначыў, што ў Беларусі праблема прымусовага зьмяшчэньня людзей з ЛПП — гэта ў тым ліку праблема парушэньня правоў чалавека, бо фактычна знаходжаньне ў такой установе ёсьць пазбаўленьнем волі. Штогод зь Беларусі каля 5 тысяч чалавек зьмяшчаюць у падобныя прафілякторыі пад прымусам. Выпадак з Васілём Парфянковым ў гэтым сэнсе, лічыць Алег Гулак, не адрозьніваецца ад праблем гэтых 5 тысяч. Валянцін Стэфановіч дадаў, што Васіля Парфянкова некалькі разоў каралі за адміністрацыйныя парушэньні, паводле якіх ён прызнаў, што ўчыніў іх у нецьвярозым стане.


Справа Андрэя Гайдукова і ксяндза Лазара з Барысава


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Ксёндз Лазар

Ксёндз Лазар

Ці не прызнаюць праваабаронцы ксяндза Лазара палітвязьнем толькі тады, калі над ім пройдзе закрыты суд, як гэта фактычна адбылося з Андрэем Гайдуковым? Тацяна Равяка зь «Вясны» мяркуе, што такую аналёгію праводзіць рана. Канчатковыя высновы праваабаронцаў адносна справы Гайдукова былі зробленыя пасьля суду, калі сталі відавочнымі пэўныя парушэньні закону ў гэтай справе.

Што да справы ксяндза Лазара, то адносна яе інфармацыі не дастаткова, каб ужо зараз рабіць высновы:

«Тое, што грамадзяніна затрымаў КДБ, гэтага недастаткова. Але адмысловае абмежаваньне інфармацыі па гэтай справе выклікае падазрэньні». Праваабаронцы пагадзіліся, што ў кожным выпадку неабходна мець максымум інфармацыі, каб вырашаць, ці прызнаваць вязьня палітычным.

«Кіраўніцтва па вызначэньні паняцьця «палітычны вязень» пасьля абмеркаваньня на форуме будзе прааналізавана і, магчыма, дапрацавана актывістамі ў рэгіёнах краін СНД. «Мы накіруем гэты дакумэнт ў БДІПЧ АБСЭ, Агенцтва правоў чалавека Рады Эўропы ды іншыя зацікаўленыя структуры», — паведаміў Уладзімер Яворскі.



Як актывізаваць барацьбу за вызваленьне палітвязьняў? Ці варта падпісваць заявы, на якія дыктатары не зьвяртаюць увагі?

Вядомы праваабаронца з Расеі Валянцін Гефтэр падзяліўся досьведам: можна уключаць прозьвішчы палітвязьняў у сьпісы на памілаваньне, якія падаюцца грамадзкімі структурамі на імя прэзыдэнта.

Паводле праваабаронцаў з Украіны, за вызваленьне палітвязьня Юліі Цімашэнкі сабраны дзясяткі тысяч подпісаў, і ігнараваць гэта ўладам усё цяжэй.

Беларускія праваабаронцы кажуць, што тут сытуацыя адрозьніваецца. Спрабавалі розныя захады, але вызваленьне палітвязьняў затармазілася. Лукашэнка не вызваляе без прашэньняў, а палітвязьні адмаўляюцца іх пісаць.

Дыскусія разгарнулася вакол дылемы: ці варта зьвяртацца да саміх палітвязьняў з заклікамі напісаць прашэньні аб памілаваньні? А раптам нехта прыме гэтую прапанову і ёй скарыстаецца, як тое зрабіў Андрэй Саньнікаў?

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, і Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, гэтую ідэю адверглі. Паводле Марыны і Натальлі, такія звароты нічога не дадуць. Ды й нельга ставіць палітвязьняў перад такім жорсткім выбарам, калі на іх будуць ціснуць ня толькі ўлады, але і сваякі ды аднадумцы.

Дыскусіі будуць ісьці на форуме да 22 гадзіны вечара і працягнуцца 27 кастрычніка. На чарзе размовы пра шляхі паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека і каапэрацыі беларускай і міжнароднай праваабарончых супольнасьцяў, магчымасьцях адукацыі ў галіне правоў чалавека і аб праблемах узаемадзеяньня з органамі ўлады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG