Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Ганна Андруковіч: «Я хачу працягнуць справу дзеячаў Віленскага беларускага музэю»


Беларускую мову зь яе выбівала настаўніца пачатковых клясаў. Амаль штодня мэтадычна дубасіла дзяўчынку лінаркай па пальцах. Пакалечаныя рукі на ўсё жыцьцё сталі напамінкам пра кошт любові да радзімы. Сваю ахвярную любоў яна цяпер укладае ў рупнасьць у Мясцовым дабрачынным фондзе «Крэўскі замак», нацыянальнай моладзевай ініцыятыве niekropali.by, у сваім прыватным праекце па стварэньні віртуальнага музэю імя Івана Луцкевіча. Магістрантка Беларускага ўнівэрсытэту культуры Ганна Андруковіч — гераіня чарговага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Ідэя праекту віртуальнага музэю імя Івана Луцкевіча зьявілася ў траўні 2009 году. Паглядзела прыклады віртуальных музэяў Люўру, Эрмітажу, пачытала крыху пра гэта і зразумела, што трэба рабіць сайт зь віртуальнай навігацыяй, з пашыраным пошукам — з усімі такімі рэчамі, якія неабходныя для віртуальнага музэю.

Я б хацела працягнуць справу дзеячаў Віленскага музэю, якія зьбіралі экспанаты на працягу ўсёй дзейнасьці музэю. І я буду дапаўняць гэты збор. Цяпер супрацоўнічаю зь некаторымі мастакамі, яны на замову пішуць карціны. Вось партрэт Івана Луцкевіча, ёсьць такі ж партрэт Антона Луцкевіча.

Віртуальны музэй — гэта ня проста збор экспанатаў, гэта яшчэ і пэўная інтэрпрэтацыя дзейнасьці. Акрамя таго, у аўтэнтычны музэй Луцкевіча дапускаліся ўсе людзі, якія хацелі працаваць з архівамі, і цяпер, калі зрабіць яго ў віртуальным выглядзе, то ў людзей таксама будзе доступ да архіваў. Яны змогуць зь імі працаваць. Вядома, не з усімі, бо ёсьць пытаньні і з аўтарскімі правамі, і зь іншымі рэчамі, але па магчымасьці, паколькі гэта ўсё ж такі нацыянальная спадчына, менавіта нацыя і павінна зь яе карыстацца. І робіцца гэта ўсё для беларускай нацыі, для яе разьвіцьця, нават нейкага адраджэньня ў сёньняшніх умовах. Я хачу, каб у маёй краіне гэта было.

Я лічу, што тыя, хто ўжо ведае пра музэй, калі ім будзе цікава, самі даведаюцца ўсё, што ім трэба. А прапагандаваць такія рэчы трэба менавіта перад тымі, каму гэта дагэтуль невядома, хто нават ня чуў нічога пра гэта. Я, напрыклад, у свой час пацікавілася школьнымі падручнікамі па гісторыі, і ў ніводным падручніку я не знайшла нават згадкі пра гэты музэй.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Мне цікавы цяжкі лёс музэю, як ён быў расфармаваны. Мы нават у свой час рабілі сцэнку і запісвалі яе пра тое, як, па сутнасьці, быў разрабаваны гэты музэй, як разьядноўваліся ягоныя калекцыі, як вырашалася, што застанецца ў Летуве, што паедзе ў Менск, і як некаторыя беларускія дзеячы, да прыкладу, мастак Пётра Сергіевіч, частку экспанатаў на сабе фактычна вывезьлі ў Менск.

Таму для мяне — гэта яшчэ і ўшанаваньне памяці гэтых дзеячаў. Такіх людзей нельга забываць. Яны паклалі сваё жыцьцё на Беларусь. Тым больш што ня так шмат яны пражылі і далёка ад дому памерлі. Той жа Іван Луцкевіч пражыў усяго трыццаць восем гадоў. Дзе пахаваны ягоны сасланы брат Антон Луцкевіч, увогуле невядома. Ёсьць, праўда, іх сымбалічныя пахаваньні на могілках Роса ў Вільні.

А што ў нас у Беларусі ёсьць пра іх? Няма ні сымбалічных пахаваньняў, нічога няма. Хаця на Кальварыі ў Менску пахаваны іх бацька і можна там зрабіць сымбалічныя пахаваньні ягоных сыноў Івана і Антона Луцкевічаў. Трэба, каб нацыя памятала. Я іх лічу героямі нацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG