Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрадыцыя Баўмгертнэра зацягнецца


Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

26 кастрычніка скончыўся вызначаны законам у два месяцы тэрмін расьсьледаваньня крымінальнай справы генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Паводле заканадаўства, мусіць быць прынятае афіцыйнае рашэньне пра працяг расьследаваньня. Беларускіх адвакатаў Баўмгертнэра абяцаюць азнаёміць зь ім у панядзелак — паведамляе РІА «Новости».

«Працэсуальнае рашэньне, можа быць, ужо і ёсьць, але знаёміцца зь ім буду ў панядзелак», — цытуе агенцтва словы аднаго з адвакатаў.

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, верагодна, што тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня будзе падоўжаны, і Баўмгертнэр застанецца ў Менску пад хатнім арыштам.

Падрыхтоўка да экстрадыцыі Ўладзіслава Баўмгертнэра ў Расею ідзе, аднак ня варта чакаць, што яна адбудзецца з дня на дзень — адзначаюць крыніцы.

Сьледчы камітэт РБ абвінавачвае Баўмгертнэра ў злоўжываньнях уладай і крадзяжы. Шкода, нанесеная дзеяньнямі абвінавачанага, вызначана ў памеры 100 млн даляраў.

Басманны суд Масквы прыняў рашэньне пра завочны арышт Уладзіслава Баўмгертнэра паводле ўсчатай супраць яго ў Расеі справы аб злоўжываньні паўнамоцтвамі. Афіцыйна паведамлялася, што праваахоўныя органы Расеі зьвернуцца ў генэральную пракуратуру Беларусі з просьбай аб экстрадыцыі Ўладзіслава Баўмгертнэра.
XS
SM
MD
LG