Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грузія напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Беларусы назіраюць


Бідзіна Іванішвілі

Бідзіна Іванішвілі

Сёлета дакумэнты ў ЦВК Грузіі для рэгістрацыі падалі 54 чалавекі, зь якіх былі зарэгістраваныя 23 кандыдаты. Дагэтуль самая вялікая колькасьць — 7 кандыдатаў — было зарэгістравана на прэзыдэнцкіх выбарах 2008 года.

Гэта будуць першыя выбары ў пастсавецкай Грузіі, калі прэзыдэнцкая ўлада будзе перададзена мірным шляхам. Першы прэзыдэнт — Звіяд Гамсахурдзія — быў зрынуты ў 1992 годзе па выніках вайсковага перавароту, у выніку якога да ўлады прыйшоў Эдуард Шэварнадзэ. Сам жа Шэварнадзэ мусіў сысьці ў адстаўку пасьля рэвалюцыі ружаў 2003-2004 гадоў, пасьля чаго прэзыдэнтам быў абраны Міхэіл Саакашвілі.

Найбольш верагодным пераможцам на сёлетніх выбарах лічыцца кандыдат ад кіроўнай кааліцыі «Грузінская мара» Георгій Маргвелашвілі. Два іншыя асноўныя кандыдаты — былыя сьпікеры парлямэнту Давід Бакрадзэ і Ніно Бурджанадзэ, паводле ацэнак мясцовых палітолягаў, змагаюцца толькі за другое месца, а таксама за права ўдзельнічаць у другім туры галасаваньня, калі пераможца ня вызначыцца ў першым туры.
Беларускія назіральнікі, сярод якіх прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, журналісты і студэнты ЭГУ, наведваюць выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіёнах краіны, сочаць за іх адкрыцьцём, працэсам галасаваньня ды падлікам галасоў.

Прэм’ер Бідзіна Іванішвілі напярэдадні заявіў, што другога туру прэзыдэнцкіх выбараў «быць не павінна», таму што кандыдат ад кіроўнай кааліцыі «Грузінская мара» Георгій Маргвелашвілі «пераможа ў першым жа туры».

Прэзыдэнт Міхэіл Саакашвілі і яго паплечнікі ўспрымаюць выбары кіраўніка дзяржавы як афармленьне былой кіроўнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» (АНР) у якасьці адзінай апазыцыйнай сілы. Саакашвілі, выступаючы перад студэнтамі за два дні да выбараў, абвінаваціў урад Іванішвілі ў прыпыненьні рэформаў і папярэдзіў, што ня мае намеру мірыцца зь «вяртаньнем краіны ў мінуўшчыну».

За выбарамі будзе назіраць шэраг місіяў з розных краінаў сьвету. Сярод іх будуць і незалежныя назіральнікі зь Беларусі, акрэдытаваныя ад імя беларускай арганізацыі Belarus Watch.

Беларускія назіральнікі, сярод якіх прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, журналісты і студэнты ЭГУ, наведваюць выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіёнах краіны, сочаць за іх адкрыцьцём, працэсам галасаваньня ды падлікам галасоў. Па выніках місіі будзе прадстаўлена справаздача, якая пакажа адпаведнасьць выбарчых працэдураў нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству.

Місія арганізуецца ў межах міжнароднага адукацыйнага праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» (EOTP), які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЭГУ і Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскага. Праект дае маладым беларусам магчымасьць азнаёміцца з выбарчымі сыстэмамі іншых краінаў, атрымаць досьвед незалежных назіральнікаў, каб потым выкарыстаць яго ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG