Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сырыя блізкая да гуманітарнай катастрофы. ААН ня ведае, што рабіць


Гуманітарнае агенцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ня можа даставіць прадукты харчаваньня і іншыя прадметы першай неабходнасьці двум з паловай мільёнам сырыйцаў, якія пражываюць у абложаных гарадах. Многія зь іх ізаляваныя ад зьнешняга сьвету ўжо больш за год, перадае нью-ёркскі карэспандэнт Радыё Свабода.

Як паведаміла ў пятніцу на пасяджэньні Рады Бясьпекі намесьнік генэральнага сакратара ААН Валеры Амос, і сырыйская армія, і паўстанцы ігнаруюць заклік Рады Бясьпекі і працягваюць блякаваць пастаўкі гуманітарных грузаў у краіну. Заявы Рады Бясьпекі, у адрозьненьне ад рэзалюцый, ня маюць абавязковай сілы.

Па словах Амос, і без таго жудасныя ўмовы мільёнаў сырыйцаў, якія жывуць у часовых збудаваньнях, могуць з набліжэньнем зімы пераўтварыцца ў катастрафічныя. У сувязі з адсутнасьцю сродкаў гігіены і вакцын пагаршаецца эпідэміялягічная сытуацыя ў Сырыі. У краіне ўпершыню за чатырнаццаць гадоў зафіксаванае эпідэмія поліяміэліту.
У сувязі з адсутнасьцю сродкаў гігіены і вакцын пагаршаецца эпідэміялягічная сытуацыя ў Сырыі.

На думку намесьніка генэральнага сакратара ААН, няздольнасьць Рады Бясьпекі дамагчыся паляпшэньня становішча мірнага насельніцтва Сырыі тлумачыцца расколам на прыхільнікаў Башара Асада і прыхільнікаў апазыцыі. Амос таксама абвінаваціла сырыйскія ўлады ў блякаваньні гуманітарных апэрацый. Паводле яе слоў, Дамаск затрымлівае выдачу віз супрацоўнікам ААН, якія займаюцца дастаўкай грузаў. Пасол Сырыі ў ААН адхіліў абвінавачваньні і заявіў, што намесьнік генэральнага сакратара ААН ангажавана ацэньвае сытуацыю ў краіне.

Кіраўнікі дэлегацыяў ЗША і Вялікабрытаніі пры ААН заявілі , што былі ўзрушаныя дакладам Валеры Амос і што Рада Бясьпекі павінна тэрмінова разгледзець магчымасьць прыняцьця дадатковых захадаў дапамогі сырыйцам.
XS
SM
MD
LG