Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: Суд за аднаўленьне на працы прафсаюзнага актывіста


Уладзімер Ключнікаў

Уладзімер Ключнікаў

25 кастрычніка ў Мазырскім раённым судзе пачаўся разгляд пазову сябра незалежнага прафсаюзу Ўладзімера Ключнікава да дырэкцыі нафтаперапрацоўчага заводу аб аднаўленьні на працы.

Загад на звальненьне трубаўкладчыка 12-га цэху, старшыні цэхавага камітэту незалежнай прафсаюзнай арганізацыі Ўладзімера Ключнікава генэральны дырэктар НПЗ Анатоль Купрыянаў падпісаў 20 верасьня, а звольнілі Ўладзімера 4 кастрычніка. На тое была дакладная запіска начальніка цэху № 12 парапаветразабесьпячэньня Дзьмітрыя Корбута, акты на адмову Ўладзімера і ягонага напарніка Антона Карлашова выгрузіць з трактарнага вазка мэталялом і кавалкі рубэроіду і даць на гэты конт тлумачэньне. Падпісалі акты начальнік участка Сіўчук, майстры Андрыеўскі, Антоненка і сьлесар Раман Мяшкоў.

Выступаючы ў судзе ў якасьці сьведкі начальнік цэха Корбут заявіў:

«Узважыўшы ўсе „за“ і „супраць“, пагутарыўшы з майстрам і начальнікам участка, і паколькі гэта было неаднаразовае парушэньне працоўнай дысцыпліны — невыкананьне Ключнікавым даручанай працы, я прыняў рашэньне: хадайнічаць перад кіраўніцтвам заводу аб прыцягненьні Карлашова да дысцыплінарнай адказнасьці, а Ключнікава — аб звальненьні».

«Сыстэматычным невыкананьне працоўных абавязкаў» трубаўкладчыка, сябра незалежнага прафсаюзу Ключнікава выявілася ў тым, што год таму, будучы на працы на тэрыторыі завода, ён не паказаў ахоўніку свой пропуск і атрымаў за гэта дысцыплінарнае спагнаньне. Лічыцца за прафсаюзным актывістам і прагул, які Ўладзімер аспрэчвае ў судзе. Ён у сакавіку напісаў заяву на адгул, атрымаў на тое вусную згоду свайго непасрэднага начальніка. Але ўрэшце адгул стаўся прагулам — так гэта цэхавае начальства паднесла дырэкцыі.

Ключнікаў: «Я не падабаюся ім па нейкім іхнім парамэтрам, бо не маўчу, калі караюць беспрычынна. Таму яны й шукаюць магчымасьць хоць неяк, хоць за што-кольвечы пакараць, бо, калі па закону, то я ў сваёй працы нічога не парушаю. Таму й шукаюць зачэпкі, шукаюць сьведкаў, якія даюць патрэбныя паказаньні дзеля таго, каб звольніць з працы. І як напісаў начальнік цэху ў сваёй запісцы, „правільных высноваў я не раблю“ — па-ранейшаму суджуся, аспрэчваю несправядлівыя ў дачыненьні мяне дзеяньні».

У цэху ад незалежнага прафсаюзу Ключнікаў зьяўляецца яшчэ й грамадзкім інспэктарам па ахове працы. Ягоныя заўвагі на гэты конт таксама ня раз раздражнялі цэхавае начальства.

У судзе ў якасьці сьведкаў сёньня выступілі 9 чалавек. Напарнік Ключнікава на няшчасьці Антон Карлашоў заявіў, што Ўладзімер наагул не адмаўляўся разгружаць злашчасны вазок з мэталяломам. Сам ён — адмаўляўся, а Ключнікаў — не. Хацеў толькі перачакаць дождж.

Зранку яны з Уладзімерам наагул былі заняты фарбоўкай трубаправодаў. І калі да канца зьмены заставалася менш гадзіны, іх прагнаў моцны лівень.

Па вяртаньні ў цэх майстар Андрыеўскі і запатрабаваў разгрузіць вазок з мэталяломам, які невядома чаму не разгрузіла папярэдняя каманда.

Пакуль Уладзімер чакаў, калі сьціхне дождж, майстар перадаручыў разгрузіць вазок ужо трэцяй камандзе. І разгрузкі той было на 15 хвілінаў. А супраць Ключнікава і Карлашова склалі акт на адмову разгрузіць трактарны вазок.

Выступіўшы на судзе ў якасьці сьведкі, старшыня пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюзу Юры Швец, зьвярнуў увагу судзьдзі Загароўскай, якая разглядае справу, на яшчэ адну акалічнасьць. Адміністрацыя цэху, а таксама дырэкцыя нават не запытвала дазвол на звальненьне Ўладзімера Ключнікава, кіраўніка цэхавай прафсаюзнай арганізацыі, хаця гэтага патрабуе Тарыфнае пагадненьне паміж Незалежным прафсаюзам і канцэрнам «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць Мазырскі НПЗ.

Назіраў за разглядам пазову трубаўкладчыка Ключнікава да дырэкцыі нафтаперапрацоўчага заводу аб аднаўленьні на працы і мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целяпун:
Юры Швец, Уладзімер Ключнікаў, Уладзімер Целяпун ля мазырскага суду

Юры Швец, Уладзімер Ключнікаў, Уладзімер Целяпун ля мазырскага суду


«Гэта ня першае судовае паседжаньне, калі працаўнікі гэтага цэху прад’яўляюць адміністрацыі свае прэтэнзіі. Складваецца ўражаньне, што асноўныя спагнаньні на працаўнікоў ідуць не за невыкананьні іхніх службовых абавязкаў, а вось, як і тут: не разгрузіў мэталялом, не пакасіў траву, не паказаў свой пропуск на незаконнае патрабаваньне ахоўніка. У справе Івана Шабана на звальненьне фігуруе той факт, што ён не прыбраў лісьце. Усе гэтыя другасныя працы выкарыстоўваюцца, я лічу, для ціску. Мабыць, на НПЗ цэх № 12 — адзіны такі, дзе досыць буйная арганізацыя незалежнага прафсаюзу. Таму, відаць, і ціснуць на гэты цэх. Альбо кіраўніцтва цэху наагул ня здольнае арганізаваць працу так, каб рабочыя ведалі, што ад іх тут патрабуецца, і што яны павінны абавязкова выконваць».

Разгляд пазову Ўладзіера Ключнікава да дырэкцыі НПЗ на аднаўленьне на працы будзе працягнуты 30 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG