Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёў вярнуўся вялікі герб гораду


Габэлен «Анёл з гербам Магілёва»

Габэлен «Анёл з гербам Магілёва»

25 кастрычніка ў магілёўскай ратушы грамадзкасьці прэзэнтавалі габэлен з выявай гарадзкога герба эпохі Магдэбурскага права.

Габэлен перадае малюнак з пацьвярджальнага прывілея на гарадзкія вольнасьці, што быў нададзены Магілёву каралём Рэчы Паспалітай Янам ІІІ Сабескім у 1667 годзе. Рукой невядомага мастака гэты прывілей быў дапоўнены малюнкам з выявай анёла, што трымае ў адной руцэ сэрца Хрыстова, а ў другой — герб Магілёва.

Паводле дырэктара музэя Аляксея Бацюкова, са зьяўленьнем у канфэрэнц-залі ратушы габэлена «Анёл з гербам Магілёва» яна атрымала завершаны вобраз залі часоў магдэбурскага права другой паловы 17 стагодзьдзя.

Габэлен на замову музэю гісторыі Магілёва вырабіла мастачка Марына Несьцярук. Яна зьвярнулася да грамады й зазначыла, што старалася як мага дакладней захаваць тонкасьці твору эпохі барока.

Паводле гісторыка Ігара Марзалюка, габэлен з выявай анёла і герба Магілёва зьяўляецца вялікім гербам гораду.

«Вы бачыце, што анёл на аблоках сядзіць і горад ён трымае ў руцэ. Гэта мэтафара падкрэсьлівае богаабранасьць Магілёва. І гэта пацьвярджаецца ў гарадзкіх летапісах. Такая канцэпцыя была пашыраная ў Рэчы Паспалітай, асабліва для ўсходніх гарадоў Вялікага Княства Літоўскага з хрысьціянскай сымболікай, якія стаяць на мяжы хрысьціянскага сьвету».

Гісторык адзначыў, што ў часы ліхалецьця магілёўцы найперш ратавалі дакумэнты, якія гарантавалі гораду магдэбурскія вольнасьці. Цяпер яны амаль усе знаходзяцца ў Санкт-Пецярбурзе, яшчэ частка ў маскоўскіх архівах.
Мастачка Марына Несьцярук

Мастачка Марына Несьцярук

XS
SM
MD
LG