Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Маскве пацьвердзілі: КДБ Беларусі дзейнічае на іх тэрыторыі


Зьявіліся новыя падрабязнасьці аб спробе затрыманьня былога супрацоўніка Беларускай калійнай кампаніі супрацоўнікамі КДБ ў Маскве.

Расейскае агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на праваахоўныя органы Масквы паведаміла падрабязнасьці спробы супрацоўнікаў КДБ Беларусі затрымаць у Маскве расейскага грамадзяніна былога супрацоўніка Беларускай калійнай кампаніі Дзьмітрыя Самойлава, які раней быў абвешчаны ў міжнародны вышук у рамках «калійнай справы».

На Ленінградзкім вакзале ў Маскве яго паспрабавалі арыштаваць невядомыя ў цывільным, аднак пасьля ўмяшальніцтва расейскай паліцыі ён быў адпушчаны, паведаміла «Інтэрфаксу » крыніца ў праваахоўных органах ў Маскве.

«Прадпрымальнік накіроўваўся ў Санкт-Пецярбург. Калі ён сеў у цягнік, да яго ў купэ ўвайшлі невядомыя і аб’явілі, што ён затрыманы».

Пасьля таго, як яго вывелі на вуліцу, на сытуацыю зьвярнулі ўвагу дзяжурныя паліцыянты. Пасьля непрацяглага разбору бізнэсовец быў адпушчаны, паведаміў суразмоўца агенцтва.

Паводле зьвестак крыніцы «Інтэрфакса», спроба затрыманьня экс-мэнэджара Дзьмітрыя Самойлава была зробленая прадстаўнікамі беларускіх спэцслужбаў.

Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Менскам у вышук па лініі Інтэрпола былі абвешчаныя чатыры былыя топ-мэнэджэры Беларускай калійнай кампаніі: Алег Пятроў, Канстанцін Саладоўнікаў, Ігар Яўстрацьеў і Дзьмітрый Самойлаў.

Беларускія праваахоўнікі абвінавачваюць топ-мэнэджараў БКК у тым, што яны, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы ў БКК і зьяўляючыся зацікаўленымі супрацоўнікамі «Ўралкалія», употай ад беларускага боку «давалі незаконныя зьніжкі на прадукцыю асобным пакупнікам, перанакіроўвалі зафрахтаваныя пад беларускі калій судны на загрузку прадукцыяй «Уралкалія».

Тым часам у Менску з канца жніўня застаецца пад арыштам грамадзянін Расеі, гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр.

Раней інтэрнэт-СМІ пісалі, што супрацоўнікі КДБ спрабавалі затрымаць іншага былога супрацоўніка БКК — Ігара Яўстратава.

КДБ Беларусі адмаўляецца камэнтаваць гэтую інфармацыю.

«Чуткі мы не камэнтуем. Ці мала хто што напісаў. Мы не даём ніякіх камэнтароў. Я гэтую інфармацыю ніяк не камэнтую», — сказаў Свабодзе кіраўнік прэсавай службы КДБ Артур Стрэх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG