Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прышчэпкі супраць грыпу: кітайская вакцына — бясплатна, француская — за 130 тысяч


1 кастрычніка пачалася масавая імунізацыя супраць грыпу. І ў паліклініках ужо актыўна праводзіцца вакцынацыя людзей, якія пакутуюць на хранічныя захворваньні, якія ведаюць, што пачынаюць хварэць рана, пажылых, дзяцей, цяжарных. Пэўным катэгорыям прышчэпкі робяць бясплатна. Калі сёлета ў Беларусі чакаць эпідэмію грыпу, ці варта рабіць прышчэпкі, якім вакцынам аддаць перавагу?

Загадчыца аддзелу імунапрафіляктыкі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Вераніка Шымановіч паведаміла, калі ў Беларусі варта чакаць грып:

«Уздым захворвальнасьці мы чакаем у канцы студзеня — пачатку лютага. Якіх-небудзь прагнозных прыкметаў на сёньняшні дзень, што сытуацыя рэзка памяняецца, мы ня бачым».

Сёлета дзяржава закупіла 1,8 мільёна дозаў вакцын супраць грыпу, кожная каштуе прыкладна 3 даляры. У асноўным гэта вакцына кітайскай вытворчасьці «Флюваксін». Прышчапіць плянуецца больш за 36% насельніцтва, зь іх 18% — за кошт бюджэтных сродкаў.

Намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан запэўніла, што кітайская вакцына выкарыстоўваецца ў Беларусі ўжо некалькі гадоў і даказала сваю эфэктыўнасьць. І што беларускія адмыслоўцы, перад тым як зарэгістраваць вакцыну, ня толькі правялі ўсе дасьледаваньні, але і выехалі ў Кітай і на ўласныя вочы пераканаліся, як яна вырабляецца:

«І ніякіх сумневаў альбо пытаньняў па вытворчасьці ў адмыслоўцаў ня ўзьнікла. Гэта не саматужная вытворчасьць, гэта ня тыя рэчы, што шыюцца ў падваротні, гэта тая рэч, за якую дзяржава нясе адказнасьць».
Прышчэпленыя людзі хварэюць у 5 разоў радзей, чым тыя, хто праігнараваў вакцынацыю

Бясплатна прышчапляюць у Беларусі хворых з паталёгіяй органаў дыханьня, эндакрыннай і сардэчна-сасудзістай сыстэм, цяжарных, людзей пасьля 65 гадоў, дзяцей да трох гадоў. А таксама людзей, якія адносяцца да кантынгенту павышанай рызыкі захворваньняў. Іх усіх прышчапляюць кітайскай вакцынай.

Таксама ў Беларусі выкарыстоўваецца вакцына «Інфлювак» (бэльгійскай вытворчасьці) і француская «Ваксігрып». Кошт прышчэпкі — 120–130 тысяч.

Чэргаў пакуль няма ні ў паліклініках, ні ў камэрцыйных мэдычных цэнтрах.

Што да эфэктыўнасьці, загадчыца лябараторыі грыпу Натальля Грыбкова кажа:

«Вакцына павінна мець добрую імунагеннасьць і нізкую рэактагеннасьць. То бок не выклікаць ніякіх пабочных зьяваў. Як кітайская, так і француская вакцыны — вакцыны аднаго ўзроўню: гэта спліт-вакцыны. Так, сапраўды, кітайская крыху таньнейшая. Але па сваіх якасьцях яны не адрозьніваюцца: ні па рэактагеннасьці, ні па імунагеннасьці. Тут спрацоўвае наша мэнтальнасьць».

Летась сярод узораў, якія дасьледаваліся ў беларускіх лябараторыях, было вызначана 4 штамы віруса грыпу. Яны будуць цыркуляваць і сёлета, кажа Натальля Грыбкова:

«Такое зьяўленьне чатырох вірусаў у эпідэмічны пэрыяд прымусіла экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя ўнесьці некаторыя зьмены ў склад вакцынаў ужо з улікам цыркуляцыі ўсіх гэтых вірусаў. У склад супрацьгрыпознай вакцыны на гэты сэзон ужо ўнесеныя зьмены па кампанэнтах віруса А (H3N2) і вірусаў грыпу В».

Паводле статыстыкі, прышчэпленыя людзі хварэюць у 5 разоў радзей, чым тыя, хто праігнараваў вакцынацыю.
XS
SM
MD
LG