Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскі саміт Садружнасьці: без сэнсацый


Лукашэнка сустракае гасьцей саміту СНД

Лукашэнка сустракае гасьцей саміту СНД

Саміт краін СНД, які прайшоў у Менску 25 кастрычніка, атрымаў ад экспэртаў ацэнкі «чарговы» і «рытуальны».

Парадак дня сёньняшняга паседжаньня ня ўтрымліваў «прарыўных» пытаньняў. Прыярытэт аддалі гуманітарным праблемам. А прэзыдэнты Туркмэністану і Кіргізстану наагул праігнаравалі гэты форум.

Сёньня ўдзельнікі саміту прызначылі культурныя сталіцы Садружнасьці на 2014 год. Гэта Алматы — у Казахстане і Ош — у Кіргізстане. Таксама зацьвердзілі ўзоры адзіных юбілейных узнагарод у гонар 70-годзьдзя Перамогі. У СНД утварылі яшчэ адну структуру — міждзяржаўную раду па супрацьдзеяньні карупцыі.

Пра тое, што чакаць ад сёньняшняй сустрэчы нечага асаблівага не выпадае, даў зразумець сам Аляксандар Лукашэнка. У размове з кіраўніком выканкаму СНД Сяргеем Лебедзевым два дні таму ён прызнаўся:

«Мы маглі б паставіць і больш сур’ёзныя пытаньні, але мы не гарантуем, што знойдзем кансэнсус».

Доктар паліталёгіі Павал Вусаў так тлумачыць згасаньне Садружнасьці:

Павал Вусаў

Павал Вусаў

«Са зьяўленьнем дэклярацыі аб новым інтэграцыйным праекце, новай інтэграцыйнай прасторы, якая ў будучым можа атрымаць назву Эўразійскага эканамічнага саюзу, форма і плятформа СНД страчваюць сваю патрэбу — практычную, геапалітычную і нават сымбалічную. І, хутчэй за ўсё, з працэсам больш глыбокай інтэграцыі ў межах Мытнага саюзу, эканамічнага саюзу і паўстаньня Эўразійскага саюзу Садружнасьць зьнікне з геапалітычнай мапы сьвету. А тыя краіны, якія там сёньня прысутнічаюць, будуць уцягвацца Расеяй у новую інтэграцыйную прастору.

Так што, напэўна, Садружнасьць сваю функцыю выканала. І для Расеі яна на сёньняшні дзень больш не зьяўляецца актуальным і значным праектам».

Лічбы, якія агучыў на саміце прэзыдэнт Расеі, таксама ня сьведчаць на карысьць СНД. Уладзімер Пуцін сказаў, што рост эканомік краін Садружнасьці летась склаў 3,4%. А за першае паўгодзьдзе сёлета — толькі 1,8%.

Эканамічныя прарывы ў рамках СНД — малаімаверная справа, лічыць эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Таму што інтарэсы ва ўсіх розныя. Эканомікі — розныя. Структуры — розныя. Тут якраз нічога незвычайнага няма. Тут жа галоўнае пытаньне вельмі простае — будзе гэтае ўтварэньне (СНД) надалей жыцьцяздольным ці не? І ўсё якраз залежыць ад эканамічнага складніку.

СНД — гэта палітычны клюб. А вось інтэграцыйныя рэчы — тыпу Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы — яны, вядома, адыгрываюць сваю ролю».

Палітоляг Алесь Лагвінец кажа: абсалютная бальшыня кіраўнікоў краін СНД — аўтарытарныя палітыкі. І яны дбаюць найперш не пра справы Садружнасьці, а пра тое, як утрымаць сваю ўладу:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«З гэтага гледзішча зразумела, што яны ня могуць ісьці да мэтаў, якія вызначаныя ва ўстаноўчых дакумэнтах СНД.

Яшчэ адзін аспэкт — наколькі аб’ектыўна патрэбныя кантакты паміж краінамі, якія настолькі геаграфічна адлеглыя адна ад адной? Што можа трымаць разам, напрыклад, Таджыкістан і Беларусь? І ў якім кірунку будзе ісьці супрацоўніцтва паміж імі? Тут наўрад ці можна казаць пра інтэграцыю.

І яшчэ — як сёньняшні Мытны саюз, так і СНД будуюцца вакол адной краіны — Расеі. І калі ёсьць толькі адзін лідэр, то, як бы там ні было, іншыя будуць з насьцярогай ставіцца да ініцыятывы такога лідэра. А гэты лідэр сёньня мае аўтарытарны рэжым. І гэты лідэр дбае пра аднаўленьне ў той ці іншай форме сваёй былой імпэрскай магутнасьці».

Сёньня афіцыйна абвясьцілі, што ў 2014 годзе старшыняваць у СНД будзе Ўкраіна. Яна павінна была старшыняваць яшчэ летась. Але так выйшла, што Ўкраіне прапанавалі на 2013 год старшынства яшчэ ў адной міжнароднай арганізацыі — АБСЭ. І афіцыйны Кіеў тады аддаў перавагу АБСЭ.

Аляксандар Лукашэнка сёньня прапанаваў кіраўніцтву Грузіі вярнуць краіну ў СНД.
XS
SM
MD
LG