Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бардаўская восень-2013» у аўры ўспамінаў і настальгіі


Сёньня ў Бельску на Падляшшы канцэртам пад назвай «Вытокі» пачнецца штогадовы фэстываль беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень».

Гэта будзе 20-тая «Бардаўская восень», юбілейная. Фэстываль заплянаваны на тры дні: 25 і 26 кастрычніка канцэрты пройдуць у Бельскім доме культуры а 18-й гадзіне, а 27 кастрычніка — у Падляскай опэры і філярмоніі ў Беластоку а 15-й гадзіне.

Пра адметнасьць юбілейнага выданьня «Бардаўскай восені» гаворыць Ігар Лукашук, старшыня Зьвязу беларускай моладзі ў Польшчы, арганізацыі, якая ужо 20 гадоў зьяўляецца арганізатарам фэстывалю:

«Галоўная адметнасьць у тым, што сёлета мы не праводзім конкурснай часткі. Конкурсу няма таму, каб выкарыстаць фэстывальны час для падвядзеньня вынікаў папярэдніх 19 фэстываляў. Па-другое, пры нагодзе юбілею мы вырашылі арганізаваць такую сустрэчу-размову, спалучаную з музыкай, дзе будзем успамінаць тыя мінулыя 20 гадоў фэстывалю. Гэта найважнейшая розьніца паміж сёлетнім фэстывалем і папярэднімі.

Праграма выступаў у Бельску падзеленая на дзьве часткі. Першы дзень — пятніца — гэта канцэрт пад назвай „Вытокі“, дзе мы паказваем першае дзесяцігодзьдзе фэстывалю. А другі канцэрт у суботу, які называецца „Новыя плыні“, будзе прысьвечаны другому дзесяцігодзьдзю фэстывалю».

На „Бардаўскай восені-2013“ выступяць, сярод іншых, Кася Камоцкая, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, „Рэл1кт“, „Босае сонца“ зь Беларусі. Падляшша на фэстывалі будуць прадстаўляць Альжбета Бэзюк, Дарафей Фіёнік, Алег Кабзар, Тамаш Суліма і гурт „Белы сон“, які ў першай палове 1990-х захапіў слухачоў як у Польшчы, так і ў Беларусі сваёй вельмі арыгінальнай стылістыкай.
XS
SM
MD
LG