Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пройдзе Беларускі праваабарончы форум


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

26 кастрычніка ў Вільні адкрыецца 3 Беларускі праваабарончы форум, на які зьедуцца больш за сто актывістаў праваабарончага руху Беларусі.

Яны абмяркуюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і праблемы праваабарончага руху пасьля 2010 году, калі прайшоў другі аналягічны форум.

Сустрэча працягнецца два дні. Акрамя шырокіх тэмаў, праваабаронцы абмяркуюць «кропкавыя» праблемы ў 12 сэкцыях, сярод якіх:

  • «Палітычныя вязьні: праблемы вызначэньня і вызваленьня»
  • «Пэрспэктывы ўвядзеньня паста амбудсмэна»
  • «Барацьба з дыскрымінацыяй».

У другі дзень арганізатары прапануюць удзельнікам абмеркаваць стратэгію праваабарончага руху ў Беларусі.

«Улады робяць усё магчымае для маргіналізацыі праваабаронцаў. Спачатку іх выпіхваюць у нелегальнае поле, потым абвінавачваюць як незарэгістраваныя арганізацыі, пасьля крыміналізуюць замежную дапамогу, пры тым, што магчымасьцяў атрымліваць дапамогу ўнутры краіны няма. Гэта ўсё ўлады выкарыстоўваюць вельмі актыўна, каб прадставіць праваабаронцаў гэткімі парушальнікамі законаў. Справа Алеся Бяляцкага — яскравы прыклад такой тэндэнцыі», — заявіў Радыё Свабода Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна».

Стэфановіч выступіць са справаздачай пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Ён чакае, што па шэрагу пытаньняў будзе ня проста абмеркаваньне, а дыскусія.

«Тэмаў, якія могуць выклікаць дыскусіі, дастаткова. Адзін з такіх выклікаў — гэта тое, што ўрад Беларусі ігнаруе свае міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека. З-за гэтага ўжываньне звыклых міжнародных інструмэнтаў узьдзеяньня на ўрад, найперш праз ААН і АБСЭ, становіцца немагчымым ці вельмі неэфэктыўным. А што ўзамен?

Яшчэ варта паразважаць над заявамі пра рэвізію прынцыпаў унівэрсальнасьці правоў чалавека, якія часта гучаць з вуснаў беларускіх кіраўнікоў. Маўляў, у нас тут свая асаблівая дэмакратыя і асаблівыя правы чалавека, а ня тое, што нам падкідаюць з Захаду. Звычайна такія заявы мы чуем ад краінаў, якія найбольш абвінавачваюцца ў парушэньні правоў чалавека. Як гэтаму супрацьстаяць?

Таксама ёсьць балючае пытаньне ўзаемадзеяньня праваабаронцаў з уладай. Пэўна, бліжэйшым часам гэта будзе надта актуальна для Беларусі. Наяўнасьць сумесных назіральных радаў, нейкіх іншых мэханізмаў супрацы, прыкладам, амбудсмэна, які ёсьць у Расеі, ва Ўкраіне, але ня ў нас. Шмат балючых тэмаў, якія мы будзем абмяркоўваць і прапаноўваць па іх самыя розныя крокі».

Вільню абралі для сустрэчы, каб беларускія ўлады не перашкодзілі праваабаронцам, як бывала раней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG