Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі не сумняваюцца, што прэзыдэнтам стане Маргвелашвілі


Георгі Маргвелашвілі

Георгі Маргвелашвілі

27 кастрычніка ў Грузіі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Усяго кандыдатаў было зарэгістравана дваццаць тры, але адзін зь іх зьняўся на карысьць Ніно Бурджанадзэ, былой старшыні парлямэнту. Таму ў бюлетэнях 22 прозьвішчы. Апытаньні грамадзкай думкі прадказваюць перамогу кандыдату ад праўрадавай кааліцыі “Грузінская мара”, былому міністру адукацыі і навукі Георгію Маргвелашвілі.

Палітычную сытуацыю напярэдадні выбараў мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара Грузінскай службы Радыё Свабода Давіда Какабадзэ.

Какабадзэ: Паводле ўсіх сацыялягічных прагнозаў фаварытам зьяўляецца кандыдат кіруючай кааліцыі "Грузінская мара" Георгій Маргвелашвілі. Некалькі месяцаў назад яго мала хто ведаў на міжнароднай арэне, але калі яго высунуў прэм'ер-міністар Іванішвілі, пра яго пачулі. Я дадам, што каго б ня высунуў Іванішвілі, дзякуючы яго папулярнасьці, той бы стаў стаў яўным фаварытам гэтых выбараў.

Абламейка: Іванішвілі, як вядома, раней заяўляў, што пасьля выбараў сыдзе з пасады прэм’ера. Ён пацьвярджае гэты свой намер?

Какабадзэ: Сам Іванішвілі аб гэтым заявіў яшчэ ў мінулым годзе, калі стаў прэм'ерам. Ён сказаў, што не зьбіраецца заставацца ў палітыцы надоўга і што праз год-два сыдзе. І цяпер пацьвердзіў гэта. Учора ён нават сказаў, што на наступным тыдні ён абвесьціць імя свайго пераемніка, гэта значыць імя чалавека, якога ён прапануе на пасаду прэм'ер-міністра.

Абламейка: А хто яшчэ з кандыдатаў, апрача Маргвелашвілі, адыгрывае прыкметную ролю ў гэтай выбарчай кампаніі?

Какабадзэ: Такіх кандыдатаў два. Гэта Давід Бакрадзэ, былы старшыня парлямэнту, які прадстаўляе партыю Міхаіла Саакашвілі "Народны рух". А таксама Ніно Бурджанадзэ, таксама былая старшыня парлямэнту ў часы яшчэ да Давіда Бакрадзэ. У свой час яна была адным з самых прыкметных і ўплывовых членаў "Нацыянальнага руху" Саакашвілі. Пасьля яна парвала зь ім і заснавала сваю партыю. Вось гэтыя два кандыдаты змагаюцца за другое месца на выбарах.

Абламейка: Як у Грузіі ацэньваюць той факт, што Саакашвілі сыходзіць паводле закону, адбыўшы два прэзыдэнцкія тэрміны? Пра гэта неяк гавораць і пішуць, або гэта само сабой разумеецца і на гэта ніхто не зьвяртае ўвагі?

Какабадзэ: Я лічу гэта адной з самых вялікіх заслугаў Міхаіла Саакашвілі - той факт, што гэта ўжо ўспрымаецца нармальна. Ніхто не зьдзіўляецца, што Саакашвілі не пачаў чапляцца за ўладу і не спрабуе ўсімі сродкамі ўтрымацца на пасадзе прэзыдэнта. Гэта тая палітычная культура, якая склалася за апошнія гады, менавіта за гады кіраваньня Саакашвілі. Большасьць насельніцтва ўспрымае гэта як нармальную рэч, калі чалавек паводле канстытуцыі сыходзіць. Дарэчы, праз адзін прэзыдэнцкі тэрмін ён можа вярнуцца.

Абламейка: Адзін час у Саакашвілі былі даволі добрыя дачыненьні з Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка нават падтрымаў Грузію ў гандлёвай вайне з Расеяй. Тады Пуцін прыехаў у Менск, і яму падалі "Баржомі", якое ў Расеі было пад забаронай. Ці ў грузінскім палітычным клясе крытыкавалі Саакашвілі за кантакты з Лукашэнкам?

Какабадзэ: Вядома, крытыкавалі і крытыкуюць. І за Лукашэнку, і за Аліева, зь якімі ў яго склаліся блізкія дачыненьні. Але зь іншага боку шмат хто на гэта глядзіць прагматычна, бо калі глядзець у больш шырокім кантэксьце, то трэба разумець, што Беларусь так і не прызнала незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. І гэта было апраўданьнем Саакашвілі. Казалі, што яго трэба разумець, бо як кіраўнік краіны, ён усімі магчымымі сродкамі стараецца прадухіліць прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі з боку членаў СНД. І асабліва Беларусьсю, якая вядомая сваімі шчыльнымі сувязямі з Масквой.
XS
SM
MD
LG