Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зьезьдзе Маладога Фронту чакаецца супрацьстаяньне


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

26 кастрычніка ў Менску адбудзецца 7 зьезд Маладога Фронту.

Дэлегаты маюць абраць новага кіраўніка арганізацыі. Цяперашні старшыня, 31-гадовы Зьміцер Дашкевіч, не жадае балятавацца на гэтую пасаду.

Старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч пацьвердзіў, што не плянуе вылучацца на пасаду старшыні арганізацыі пры ўмове, што падзеі на зьезьдзе будуць разьвівацца ў спакойным рэчышчы:

​«Я нікуды не сыходжу, застаюся актывістам арганізацыі. Я заўсёды буду побач з Маладым Фронтам і буду дапамагаць яму чым змагу. Складана нешта загадваць, усё вырашыцца на зьезьдзе. Ідэалягічна наўрад ці нешта зьменіцца. Калі б былі такія ініцыятывы нешта ідэалягічна мяняць, я б, безумоўна выступіў супраць. Таму што Малады Фронт заснаваны на нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпах. Гэта тое, што дазваляе людзям розных поглядаў супольна дзейнічаць у арганізацыі», — заявіў Дашкевіч у інтэрвію Радыё Свабода.

Намесьнік старшыні Маладога Фронту, былы палітвязень Алесь Кіркевіч таксама не зьбіраецца заставацца на сваёй пасадзе:

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч
«Трэба аддаваць уладу ў рукі маладзейшых і ня стрымліваць сваім пэсымізмам рэвалюцыйнага запалу больш маладых чальцоў арганізацыі. Ня трэба баяцца зьменаў, таму што зьмяняецца час, зьмяняецца Беларусь, зьмяняюцца тэндэнцыі ў моладзі. Немагчыма параўнаць атмасфэру 5-гадовай даўніны з тым, што адбываецца цяпер. Да зьменаў трэба ставіцца спакойна і менш разьлічваць на фактар асобы, а больш — на самаарганізацыю людзей.

Я лічу, што за кіроўную пасаду будуць змагацца людзі, якія ўвесь час не даюць пра сябе забыць, — гэта Іван Шыла, Андрусь Цянюта, Яўген Скрабец ды некаторыя іншыя. Я мяркую, што паміж імі і разыграецца інтрыга, у чым няма нічога трагічнага, таму што арганізацыя перажывала розных лідэраў у розныя часы. Трэба адзначыць, што ў ідэалягічным пляне пэўная інтрыга ёсьць: будзе супрацьстаяньне паміж лібэральным крылом, якое прадстаўляе, напрыклад, Іван Шыла, і нацыяналістычна-хрысьціянскім крылом, сярод прыхільнікаў якога можна назваць Яўгена Скрабца ці Андруся Цянюту».

Актывіст МФ, былы палітвязень Уладзь Яроменак лічыць, што зьмены, якія прынясе абраньне новага кіраўніцтва, пойдуць на карысьць арганізацыі, бо ў палітычным жыцьці краіны, у тым ліку і ў Маладым Фронце, цяпер назіраецца застой:

Уладзімер Яроменак
Уладзімер Яроменак
«Зьмены ідэалёгіі ня будзе. Мы застаёмся арганізацыяй з нацыянальнай ідэяй і хрысьціянскімі прынцыпамі. Гэта застанецца бязь зьменаў. Якія б вынікі ні прынёс зьезд, якое б кіраўніцтва ні абралі, — гэта будуць зьмены да лепшага. Любыя зьмены — да лепшага. Новае кіраўніцтва возьме на сябе абавязкі, якія яно павінна выконваць, цягнуць арганізацыю наперад. Сёньня ў палітычным жыцьці, і ня толькі ў Маладым Фронце, назіраецца часовы застой. Я спадзяюся, што новае кіраўніцтва разварушыць масы Маладога Фронту і дасьць новы подых жыцьця».

Адзін зь меркаваных прэтэндэнтаў на пасаду старшыні Андрусь Цянюта лічыць, што Маладому Фронту нестае кансэрватызму:

Андрусь Цянюта
Андрусь Цянюта
«Зьмены будуць залежаць ад таго, які выбар зробяць маладафронтаўцы падчас галасаваньня за старшыню. Зьмены павінны быць, але я спадзяюся, што гэта будуць зьмены не ў лібэральны бок. Мне здаецца, што сёньня Маладому Фронту патрэбнае больш кансэрватыўнае стаўленьне да рэчаў. Але гэта толькі маё меркаваньне, і канчатковы выбар зробяць актывісты арганізацыі. Сутычак ня будзе, але пэўны канфлікт інтарэсаў ёсьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG