Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які правадыр — такі і палац


У Менску працягваюцца перамовы кіраўнікоў краінаў СНД. Усе яны адбываюцца ў пампэзным Палацы незалежнасьці, які ў аўральным рэжыме дарабляўся яшчэ за дзень да пачатку саміту.

Расейскія журналісты ўжо пакпілі з новай рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, параўнаўшы яе з узорамі дойлідзтва ў сталіцах азіяцкіх дыктатур.

Пра адметнасьці новага палаца, які адначасова зьяўляецца новай рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі.

У адказ на крытыку апанэнтаў наконт марнатраўства вялізных сродкаў у «год беражлівасьці» Аляксандар Лукашэнка парыраваў, што ў Палац незалежнасьці нібыта ня ўкладзена «ніводнага рубля бюджэтных сродкаў». Між тым ёсьць дакумэнтальныя доказы, што фінансаваньне будаўніцтва вялося ў прапорцыі 50×50 з рэспубліканскага і менскага гарадзкога бюджэтаў. Пры гэтым аналітыкі не выключалі, што ўладам удалося «асвоіць» частку аднаго з кітайскіх крэдытаў: можа, таму будынак і нагадвае кітайскую пагаду. Адзін са старэйшых менскіх архітэктараў Ігар Байцоў зьвяртае ўвагу: у аўтарытарных кіраўнікоў нават рэзыдэнцыі маюць агульныя рысы:

«Асабіста мне здалося, што палац вытрыманы ў традыцыях нават ня столькі
Паколькі ні народ, ні эліта культурная не ўплывае ні на што і ніякім чынам, то гэтыя галоўныя дзяржаўныя пэрсоны езьдзяць адзін да аднаго, паміж сабой спаборнічаюць
кітайскіх, колькі паўночнакарэйскіх. Вядома, каб ацаніць дэталёва, трэба туды трапіць, але ж гэта нерэальна. Зрэшты, тут ня столькі ўсходні стыль. Хутчэй, гэта нешта ўнівэрсальнае, таталітарнае. Гэткія ўнівэрсальныя вобразы для ўсіх краінаў з уладай, якая вельмі адарваная ад народу. Якая розьніца — Ашгабад, Менск ці Баку? Паколькі ні народ, ні эліта культурная не ўплывае ні на што і ніякім чынам, то гэтыя галоўныя дзяржаўныя пэрсоны езьдзяць адзін да аднаго, паміж сабой спаборнічаюць — хто лепей зробіць, больш пампэзна, хто больш пылу пусьціць. Але ўсё гэта на аматарска-дылетанцкім узроўні робіцца. Апроч таго, я думаю, што ў вельмі цяжкіх умовах працавалі ўсе тыя праектанты. Не было ні свабоды творчасьці, ні часу. Магчыма, і вопыту не было належнага. А паколькі яны былі ў такім становішчы, то нічога лепшага і зрабіць не маглі».

За дзень да прыезду высокіх гасьцей з СНД Аляксандар Лукашэнка асабіста прыняў навабуд. Дакладней, цэлым сямействам — разам з сынамі Віктарам, Дзьмітрыем і Мікалаем — пасадзіў елку ў будучай алеі «зорных наведнікаў». Але ўсярэдзіну будынка не дапусьцілі нават прапагандыстаў.

Першыя кадры з памяшканьняў рэзыдэнцыі пачалі зьяўляцца толькі ў тэлесправаздачах пра перамовы вышэйшай «тройкі» Мытнага саюзу. Усё навокал зьзяе дарагім аздабленьнем — ад калідораў да заляў прыёмаў. Паўсюль габэлены, ляпніна, чыгуннае ліцьцё, бронзавыя ўпрыгожаньні, кераміка, крышталёвыя люстры, мэбля са скуры і каштоўных пародаў дрэва. У праёме пасярод круглага стала, за якім паселі прэзыдэнты, вялізная «клюмба» — абавязковы атрыбут нарадаў з удзелам першых асобаў у Туркмэніі ці Іране.

Як кажа скульптар Гэнік Лойка, значную частку замоваў для Палаца незалежнасьці выконвала прадпрыемства «Белрэстаўрацыя». Праўда, ад ацэнкі мастацкіх вартасьцяў вырабаў устрымліваецца:

Генік Лойка

Генік Лойка

«Нашы там задзейнічаныя таксама, але мяне „адмазалі“ ад працаў. Так, у майстэрнях стаяць формы, якія мы заліваем і туды адпраўляем. Апроч ляпніны, таксама тут мэтал льюць, бронзавыя ўпрыгожаньні, чыгун, алюміній. Але, зразумела, гэта не адна арганізацыя, якая там працуе. Што да густу? Ну, ляпніна і ляпніна, наляпілі як маглі. Прыкладам, калі мы рэстаўруем у Лошыцы, то намагаемся знайсьці нейкія гістарычныя аналягі, каб было блізка да арыгіналу. А тут усё, такое адчуваньне, рабілася адразу, ад балды. Як здавалася прыгожым — так яно і будзе. Напэўна, прыгожа. Але і пры Сталіну так рабілі, стараліся, каб было пампэзна. Паўсюль, відаць, аднолькава робяць, каб задаволіць заказчыка».

Заслужаны архітэктар Беларусі Міхаіл Пірагоў падкрэсьлівае маштабнасьць Палаца незалежнасьці, які нашмат абскакаў свайго функцыянальнага папярэдніка — Палац рэспублікі:

«Палац незалежнасьці, безумоўна, вялізны — бадай, большы па плошчы, чым Палац рэспублікі. Думаю, нашмат большы. У пляне геамэтрычным гэта, відаць, квадрат. Досыць складана зразумець, перакрыты ён увесь ці там ёсьць унутраны двор, але, мяркуючы па ўсім, усё ж перакрыты цалкам. Паколькі праектаваліся залі для розных пасяджэньняў, то ў такім разе патрэбныя вялікія плошчы. Што яшчэ зьвяртае на сябе ўвагу? Суцэльнае зашкленьне з арнамэнтам. Шчыра кажучы, я крыху ў разгубленасьці: арнамэнт нібыта і падобны да беларускага, але больш нагадвае штосьці ўсходняе. Ня ведаю, ці ўзор вытраўлены, ці нанесены іншым чынам, бо трэба было б падправіць. Прынамсі, нешта падобнае памятаю ў Казахстане, калі сталіцай яшчэ была Алма-Ата, Астана толькі закладалася. У Назарбаева таксама быў палац у нацыянальным стылі, але там ён глядзеўся цалкам арганічна».

Палац незалежнасьці, ён жа рэзыдэнцыя прэзыдэнта, аброс скандаламі яшчэ ў часе будаўніцтва. Больш за год інфармацыя пра функцыянальную прыналежнасьць аб’екта, які ўзводзіўся ўдарнымі тэмпамі, трымалася ў таямніцы. Толькі сёлета ў траўні Аляксандар Лукашэнка прызнаўся: будзе цэлы комплекс, закліканы падкрэсьліць атрыбуты беларускага сувэрэнітэту — Плошча дзяржаўнага сьцяга, музэй дзяржаўнай ідэалёгіі ў былым выставачным цэнтры БелЭКСПА і Палац незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG