Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над Прагай залунаў вялізны Пуцін


За некалькі гадазінаў да адкрыцьця выбарчых участкаў на парлямэнцкіх выбарах у Чэхіі, якія адбываюцца 25 і 26 кастрычніка, у праскім парку Летна на высокай гары над Влтавай зьявіўся Ўладзімір Пуцін.

Вялізны плякат з партрэтам расейскага прэзыдэнта разгарнула таварыства «Дэкамунізацыя». Паводле актывістаў арганізацыі, над Чэскай Рэспублікай зноў навісла пагроза апынуцца ў абдымках Расеі.

Паводле актывіста «Дэкамунізацыі» Лудзека Валхаржа, гэты гэпэнінг мае на мэце зьвярнуць увагу на магчымасьць паўтарэньня падзеяў 1946 году. Тады на дэмакратычных выбарах перамаглі камуністы, а прасз два гады пасьля лютаўскага путчу 1948 году яны захапілі ўладу ў краіне.

«Сымбалем камуністычнага рэжыму быў помнік Сталіну на Летне. Мы вырашылі на тым самым месцы нагадаць пра пагрозу вяртаньня ў мінулае вялізным палатном з партрэтам Уладзіміра Пуціна», — дадаў Валхарж.



Да вывешваньня вялізнага плякату, паводле яго, прывяло тое, што Камуністычная партыя Чэхіі і Маравіі, Партыя правоў грамадзянаў «Зэманаўцы» і значная частка сацыял-дэмакратаў пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Мілаша Зэмана хочуць накіраваць нас на Ўсход. Чэхам пагражае аўтарытарная дзяржава, кіраваная з Крамля.

«Зьмену гістарычнага разьвіцьця Зэман хоча зацьвердзіць у гэтых выбарах. Не дапусьцім, каб цёмная гісторыя паўтарылася. Не дазволім Мілашу Зэману выдаць нас у рукі Пуціну. Таму заклікаем да адказнага галасаваньня», — зазначыў Валхарж.

«Дэкамунізацыя» выступіла супраць пагрозы камунізму ўжо на пачатку тыдня. У панядзелак уначы і раніцай у аўторак у розных чэскіх гарадах зьявіліся фігуры павешаных з чырвонай пятлёй на шыі і надпісам «Ён ішоў супраць кампартыі». Паводле аўтараў, гэтыя фігуры сымбалізавалі больш чым 250 чалавек, пакараных сьмерцю з палітычных матываў у часы камуністычнага рэжыму. У бальшыні месцаў празь некалькі гадзін фігуры былі прыбраныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG