Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саракашыша за кратамі будуць трымаць год


Турма КДБ

Турма КДБ

Утрыманьне пад вартай грамадзяніна Расеі Георгія Саракашыша — былога дырэктара cочынскага санаторыя «Беларусь», які належыць кіраўніцтву спраў беларускага прэзыдэнта — працягнулі да 21 cьнежня.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сын Георгія Саракашыша Канстанцін:

«Нядаўна працягнулі яшчэ на два месяцы. І больш няма ніякай інфармацыі. Няма ніякіх сьледчых дзеяньняў. Адвакат заходзіць і выходзіць, нічога ня ведае ні бацька, ні адвакат, што адбываецца і куды рухаецца».

У верасьні жонка мела сустрэчу са зьняволеным Георгіем Саракашышам.

«Скаргаў у бацькі не было, папрасіў некаторыя неабходныя рэчы», — сказаў Канстанцін.

Канстанцін распавёў, што зьвяртаўся ў МЗС Расеі, у Генпракуратуру і ў прыёмную прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. «Аднак усё як было дзесяць месяцаў таму, у такім стане і цяпер знаходзіцца», — сказаў Канстанцін.

Грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, які ў сьнежні мінулага году быў таемна затрыманы беларускімі спэцслужбамі падчас камандзіроўкі ў Менску, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Ніякай інфармацыі пра Саракашыша афіцыйныя структуры Беларусі дагэтуль не паведамілі.

Санаторый «Беларусь» месьціцца ў горадзе Сочы на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Там ня раз адпачываў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. У гэты санаторый таксама атрымліваюць пуцёўкі чыноўнікі, прамыслоўцы, спартоўцы, сябры афіцыйных прафсаюзаў.
XS
SM
MD
LG