Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ручка – папера – прашэньне аб памілаваньні


Такую «формулу» вызваленьня палівязьняў улады Беларусі прадставілі дэлегацыі Эўразьвязу.

Пра гэта прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці даведаліся ад швэдзка-польскай дэлегацыі дыпляматаў, якая знаходзіцца зь візытам у Менску.

Дэлегацыя наведвае Беларусь напярэдадні Віленскага саміту «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца ў лістападзе. На сустрэчы прысутнічаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: «Гэта была швэдзка-польская размова пра „Ўсходняе партнэрства“. 11 чалавек зь беларускага боку прысутнічалі — гэта прадстаўнікі палітычных структураў, грамадзкіх арганізацыяў, экспэрты.

Па-першае, з таго боку нам далі інфармацыю пра папярэднія сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады. Гэта намесьніца міністра замежных спраў Купчына і прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта нехта Брылёў, калі я не памыляюся.

Што можна як цікавае адзначыць. Там далі зразумець, што пытаньне палітычных вязьняў можа вырашацца праз формулу: ручка — папера — прашэньне аб памілаваньні. Для ўлады гэта аптымальны шлях, які яны маглі б практычна рэалізаваць. Ці даспадобы ён тым, хто за кратамі, ня ўпэўнены.

Што да „Ўсходняга партнэрства“, то відавочна, што ў гэтым праекце мы аўтсайдэры, ня лідэры. Гульня ідзе, футбольная пляцоўка занятая, а мы на лаўцы запасных. Але трэба зразумець: калі мы выйдзем на гэтае поле, што мы будзем там рабіць? Пра Віленскі саміт можна толькі сказаць, што мы будзем радавацца за астатніх. Я сёньня на сустрэчы сказаў: „Слава Ўкраіне!“ Вось яны якраз робяць нейкія практычныя захады. Там ёсьць драйв. Там гэта абмяркоўваюць, грамадзтва гэтым жыве.

Высілкі трэба прыкладаць, каб гэтыя праграмы — „Усходняе партнэрства“, „Дыялёг па мадэрнізацыі“ — працавалі на сярэднестатыстычнага грамадзяніна РБ. Калі мы ня можам пераехаць мяжу з ЭЗ без праблемаў, калі гэта не камфортна, то мы страчваем прыхільнікаў гэтай ідэі і гэтага стратэгічнага кірунку».

Вядома, што ў ходзе візыту Беларусь наведваюць амбасадар «Усходняга партнэрства» МЗС Швэцыі Марцін Хагстрэм, генэральны дырэктар палітычнага дэпартамэнту МЗС Швэцыі Турб’ёрн Сульстрэм, палітычны дырэктар Міністэрства замежных спраў Польшчы Яраслаў Браткевіч, упаўнаважаная міністра замежных спраў Польшчы па справах «Усходняга партнэрства» Бэата Пэнска, намесьнік дырэктара Ўсходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы Конрад Паўлік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG