Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршаецца двухмесячны тэрмін Баўмгертнэра


Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр

26 кастрычніка завяршаецца двухмесячны тэрмін расьсьледаваньня справы адносна гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Сьледчыя органы павінны прыняць рашэньне аб падаўжэньні ці непадаўжэньні тэрмінаў расьсьледаваньня.

Ні праваахоўныя органы Беларусі, ні беларускія адвакаты сытуацыю вакол Баўмгернтнэра не камэнтуюць. Паводле адвакатаў, іхні кліент папрасіў не даваць пра яго ніякай інфармацыі для СМІ. У амбасадзе Расеі сказалі, што гендырэктар «Уралкалія» не прасіў дадатковых сустрэчаў з дыпляматамі.

Баўмгертнэра затрымалі ў Менску 26 жніўня. Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў яму абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. 25 верасьня Баўмгертнэра перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт у найманай менскай кватэры.

Раней паведамлялася, што кіраўнікі Беларусі і Расеі могуць абмеркаваць сытуацыю, якая склалася вакол «Уралкалія», і пытаньне знаходжаньня ў Менску пад арыштам Баўмгертнэра.

Паводле палітоляга Андрэя Суздальцава, Пуціну падчас прыезду ў Менск ня ўдасца вызваліць Баўмгертнэра:

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў
«Учора размовы пра гэта толкам не было. Лукашэнка яго не аддасьць, ён патрабуе грошы. Суд ня суд, абвінавачаньне ці не, ён патрабуе аддаць грошы. Больш за тое, Лукашэнка, відаць, завязаў на гэтым Баўмгертнэру надзеі па разьвязаньне нафтавых праблемаў. Баўмгертнэр ператварыўся ў такую фішку, якая разьвязвае ўсе праблемы, залаты ключык. Натуральна, што „Ўралкалій“ не зьбіраецца плаціць такія грошы. І наагул, што гэта за выплаты такія, як піратам самалійскім за закладнікаў? Сытуацыя вельмі цяжкая. Прычым гіганцкі недавер бакоў адзін да аднаго. Баўмгертнэр насамрэч ператвараецца ў паваротны момант: альбо яго вызваляюць і пачынаюцца нейкія варыянты размоваў, альбо ён закрыты і ніякіх перамоваў наагул быць ня можа».

Лукашэнка раней заявіў, што лічыць магчымым перадаць Баўмгертнэра расейскаму боку пасьля кампэнсацыі нанесенай беларускаму боку шкоды.

«Ён сеў, смаркач, перад прэм’ерам, нага за нагу. І кажа, маўляў, і гэтага ня будзе, і таго ня будзе. Потым выйшаў, плюнуў на Дом ураду і паехаў, сьмеючыся, у аэрапорт. Там яго і ўзялі», — распавёў Лукашэнка пра затрыманьне Баўмгертнэра на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных СМІ.

Раней Масква патрабавала ад Беларусі неадкладна вызваліць гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG