Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацкевіч: «Макею не пазайздросьціш»


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Патавая сытуацыя ва ўзаемадачыненьнях Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу робіць удзел Беларусі ў саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні прадказальна безвыніковым.

Напярэдадні саміту 24–25 кастрычніка ў Беларусі зь візытам знаходзяцца прадстаўнікі МЗС Швэцыі і Польшчы. Дыпляматы ЭЗ прыбылі ў Беларусь у ходзе «аб’езду» — так нефармальна кажуць экспэрты ў сваіх колах пра паездку прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Швэцыі.

«Пра што гаварыць і пра што маўчаць зь Беларусьсю на віленскім саміце», — такая, на думку Ўладзімера Мацкевіча, праграма польска-швэдзкага візыту ў Беларусі.

Галоўная інтрыга візыту — Беларусь абмінаюць міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт і ягоны калега з Польшчы Радаслаў Сікорскі. Сярод шасьці краінаў — сябраў «Усходняга партнэрства» яны наведаюць тры: Украіну, Малдову і Грузію. У Азэрбайджан, Армэнію і Беларусь выправіліся іхнія калегі ніжэйшага рангу. Сам гэты факт сьведчыць пра тое, што ўдзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» — ня надта пэрспэктыўны.

Якую сытуацыю ва ўзаемадачыненьнях з ЭЗ зафіксуе дэлегацыя з Польшчы і Швэцыі?

«Сытуацыя з удзелам Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве склалася неардынарная і, можна сказаць, дрэнная, — кажа Мацкевіч. — Не заўважаць яе немагчыма, але і вырашыць яе на саміце ці перад ім таксама немагчыма. Усе папярэднія спробы дыпляматаў, кіраўнікоў дзяржаў, палітыкаў з Брусэлю не далі ніякага прагрэсу ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўразьвязам і нават паміж ёю і краінамі „Ўсходняга партнэрства“.

Таму зараз перад самітам трэба дакладна ўзгадніць, што ўздымаць як праблемнае на гэтым саміце, якія пытаньні закранаць, а якія пакінуць, бо яны застаюцца невырашальнымі».

Доўгі час абмяркоўвалася, ці запросяць Аляксандра Лукашэнку на саміт у Вільні. Склад дэлегацыі Польшчы і Швэцыі дае магчымасьць меркаваць, што ніякага асабістага запрашэньня для беларускага прэзыдэнта сёньня-заўтра ўручаць ня будуць. Ранг візытоўцаў занадта нізкі. Найхутчэй, у Вільню выправяць міністра Ўладзімера Макея, якому, па словах Мацкевіча, не пазайздросьціш.

«Макей — усяго толькі рупар Лукашэнкі. Таму калі ён туды паедзе і яму ня будуць дадзеныя загады, то ён будзе там проста мямліць — вымаўляць рытарычныя фразы, якія нічога ня значаць, — лічыць Мацкевіч. — На сёньняшні дзень невядома, каб увогуле на нейкія крокі насустрач Эўропе рэжым гатовы быў пайсьці. І рэжым наўмысна абвастрае гэтую сытуацыю.
На сёньняшні дзень невядома, каб увогуле на нейкія крокі насустрач Эўропе рэжым гатовы быў пайсьці

Калі ў Эўразійскім саюзе ці Мытным саюзе ніякіх сур’ёзных дзеяньняў не прымаецца, то наконт узаемадачыненьняў з Эўропай увесь час уздымаецца нейкі піяр, каб ускладніць сытуацыю з самітам „Усходняга партнэрства“.

Таму рэжым, хутчэй за ўсё, мае намер працягваць канфрантацыю з Эўразьвязам. І ў Макея сытуацыя, якой не пазайздросьціш. Бо ён нібыта мае прадстаўляць сувэрэнную краіну, пры гэтым ня маючы аніякага сувэрэнітэту і аніякай свабоды яе прадстаўляць».

Вядома, што ў ходзе візыту Беларусь наведваюць амбасадар «Усходняга партнэрства» МЗС Швэцыі Марцін Хагстрэм, генэральны дырэктар палітычнага дэпартамэнту МЗС Швэцыі Турб’ёрн Сульстрэм, палітычны дырэктар міністэрства замежных спраў Польшчы Яраслаў Браткевіч, упаўнаважаная міністра замежных спраў Польшчы па справах «Усходняга партнэрства» Бэата Пэнска, намесьнік дырэктара Ўсходняга дэпартамэнту МЗС Польшчы Конрад Паўлік.

Аднак дэталі візыту і расклад сустрэчаў грамадзкасьці і журналістам не паведамляюцца. Паводле інфармацыі Радыё Свабода, дэлегацыя заплянавала сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў РБ, адміністрацыі прэзыдэнта РБ, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, незалежнымі аналітыкамі і дасьледчыкамі.

Мяркуецца, што заўтра, 25 кастрычніка, удзельнікі дэлегацыі Эўрапейскага Зьвязу азнаёмяць журналістаў з вынікамі свайго візыту. Праўда, папярэджваюць, што звычайнай прэс-канфэрэнцыі з пытаньнямі-адказамі ня будзе — чыноўнікі ЭЗ проста зачытаюць падрыхтаваны загадзя прэс-рэліз.
XS
SM
MD
LG